У Менску судзяць несумленных футбалістаў


У судзе Маскоўскага раёна сталіцы працягваецца разгляд справы ўдзельнікаў дамоўных матчаў у беларускім футболе. У ёй – 36 фігурантаў, прычым хтосьці здаваў матчы за 10 тысяч долараў, а нехта – усяго за 300 еўра.

Галоўныя персоны «футбольнай справы» – былыя гульцы Віталь Ланько і Віктар Баравіцкі. Іх абвінавачваюць у подкупе ўдзельнікаў спаборніцтваў. Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – да трох гадоў абмежавання волі. Ланько з Баравіцкім, паводле следства, перадавалі грошы некаторым гульцам «Нафтану», «Ліды», светлагорскага «Хіміка» і стаўбцоўскага «Нёмну-Агра». Гэта ўжо другая гучная хваля дамоўных матчаў у беларускім футболе.

«Мяркую, што будзе і трэцяя, і чацвёртая. Так, ідзе суд, але ж ужо прынятыя і спартовыя меры. І калі з каманды, фактычна ўсе гульцы якой прымалі ўдзел у дагаворных матчах, здымаюць усяго тры пункты, эфектыўнай такую меру нельга назваць», – зазначае аглядальнік газеты «Прессбол» Юрый Доўнар.

Асобна сярод фігурантаў варта адзначыць расейскага абаронцу Дзмітрыя Айдава. На судзе ў Менску яго няма – футбаліст застаецца ў сябе на радзіме. Айдаў, паводле абвінавачання, – адзіны, хто спрыяў дамоўным матчам не ў мінорных лігах, а ў найвышэйшай. Як вынікае з матэрыялаў справы, выступаючы за «Гомель», расеец у 2018 годзе паспрыяў буйным паразам гэтага клубу ад БАТЭ і берасцейскага «Дынама». Сумарна, паводле падлікаў следства, за гэта ён атрымаў ажно 22 тысячы долараў.

«Я перакананы, што гэтыя грошы былі не для яго аднаго. Ён або проста не падзяліўся з іншымі гульцамі, якія мусілі забяспечыць вынік, або проста не расказаў, што не падзяліўся», – кажа футбольны блогер Антон Мартысевіч.

Астатнім жа фігурантам даставаліся значна меншыя сумы. Хаця для іх усё роўна істотныя.

«Некаторыя з іх гулялі не проста за капейкі, а за абяцанні. У тым жа Наваполацку, калі ўсё здарылася, гэта была каманда, дзе месяцамі не плацілі зарплату. Мне здаецца, што некаторым гэта сыходзіла з рук раней, і яны проста працягнулі», – працягвае Антон Мартысевіч.

«Кожны раз яны знаходзяць апраўданні: «у нас складаная жыццёвая сітуацыя» і ўсё такое. Але насамрэч відавочна, што гэтыя людзі ні ў чым не раскайваюцца. Гэта будзе працягвацца да той пары, пакуль не будзе выхавана нейкая самасвядомасць. Але падставаў для гэтага няма ніякіх, таму, мабыць, гэты біч будзе ў нас вельмі доўга», – дадае журналіст парталу Football.by Дзмітрый Сельвяструк.

Праблема закранула не толькі айчынны футбол. Грымнула таксама ў хакеі. Матч паміж маладзечанскім «Дынама» і «Магілёвам», які адбыўся ў чэмпіянаце краіны 12 лістапада, адразу назвалі дзіўным. Гаспадары вялі з лікам 5:1, аднак у выніку саступілі 5:6. Букмекеры зафіксавалі падазроны рух ставак. Паводле Федэрацыі хакею, заблытанымі ў «зліцці» матчу аказаліся сем хакеістаў. Сярод іх – былыя гульцы менскага «Дынама» і зборнай Беларусі, а таксама Вячаслаў Лісічкін, які выступае за каманду Аляксандра Лукашэнкі. Вінаватымі сябе лічаць толькі трое.

«Асноўныя фігуранты – легіянеры. Людзі, якія сёння тут – заўтра там. Другое – так, гэта людзі з рэпутацыяй, але такія, якія неўзабаве скончаць кар’еру. Нельга параўноўваць хакей з тым, што адбывалася ў першай лізе. Як я разумею, гэта нейкі форс-мажорны выпадак, у тым ліку для гэтых людзей», – мяркуе Юрый Доўнар.

Пакуль свае санкцыі ў дачыненні замяшаных у скандале хакеістаў «Дынама» (Маладзечна) увяла толькі Федэрацыя хакею. Але наперадзе, як і ў «футбольнай справе», – суд.

Дзяніс Ганчарэнка, «Белсат»