У Менску судзілі пакупнікоў з чаргі да Symbal.by


У Менску масава судзілі пакупнікоў, якія 23 чэрвеня прыйшлі падтрымаць сувенірную краму з нацыянальным беларускім каларытам – Symbal.by. Тая мусіла зачыніцца праз патрабаванне ўладаў. Да чаргі, якая ўтварылася на вуліцы, пад’ехаў аўтазак, АМАПаўцы пераследавалі людзей ды жорстка затрымлівалі ў дварах.

Гэтак выглядае чарга ў краму па беларускія сувеніры. А гэтак – кошт любові да свайго, беларускага. У затрыманых – па два адміністрацыйныя пратаколы: за непадпарадкаванне міліцыі ды ўдзел у масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Спачатку жорсткае затрыманне АМАПам, пасля хамства з боку працаўнікоў міліцыі ў РУУСе, а цяпер – масавыя працэсы ў судзе Савецкага раёну. Судзяць 10 пакупнікоў Symbal.by. Іх прыйшлі падтрымаць родныя і блізкія. Рафік Кенгерлі збіраўся набыць у краме бел-чырвона-белы сцяг, аднак не прастаяў у чарзе і дзвюх хвілінаў. Ён адзін з тых, каму ад АМАПу дасталася больш за ўсё. На руцэ – дагэтуль гематомы.

«Моцна скруцілі мяне за рукі абодва працаўнікі АМАПу, пакінулі сляды, садралі скуру. Ужо ў аўтазаку – пастаянна мацюкаліся, мяне затыкалі, сцягнулі з лавы і далі аплявуху», – кажа Рафік.

Абураныя сітуацыяй, падтрымаць маладзёна прыйшлі ягоныя паплечнікі з габрэйскае дыяспары. Галоўны рабін аб’яднання абшчынаў прагрэсіўнага юдаізму Рыгор Абрамовіч адзначае:

«Мне і не толькі мне падаецца няправільным той факт, што чалавека, які стаяў у чарзе ў краму, падазраюць як чалавека, які прыняў удзел у несанкцыянаваным мітынгу. Для любога чалавека, які сёння стаіць у чарзе ці трапіў у нейкую сітуацыю, дзе ў яго мусіць быць прэзумпцыя невінаватасці, ёсць пэўны страх: а як на мяне глядзяць, як мяне ацэньваюць».

Ацэньвалі ж пакупнікоў – патэнцыйных кандыдатаў на затрыманне – працаўнікі АМАПу. Яны казалі, што затрыманыя крычалі «Стоп таракан» ды «Сыходзь». Выступалі на паседжанні праз Skype-сувязь і не былі бачныя ўдзельнікам суда. Аштрафаваны на 108 рублёў Ігар Сурынін:

«Распавялі што я размахваў рукамі, крычаў нейкія лозунгі і аказваў супраціў, хоць ёсць відэаматэрыялы, якія сведчаць пра адваротнае».

«Яны самі блытаюцца ў паказаннях – ці мітынг гэта быў, ці бойка. Яны не ведалі, на што прыехалі», – кажа Ілля Дземчанка, якому дасталася 7 базавых велічыняў.

Астатнім суддзі Шаціла, Воўк і Фёдарава прызначылі па 4 базавыя – то бок па 108 рублёў на кожнага. Яшчэ тры паседжанні перанеслі на 29 ліпеня. Прадстаўнікі Symbal.by вызваліся дапамагчы асуджаным.

«Са стыкерамі салідарнасці, якія мы прадавалі, ішоў такі своеасаблівы краўдфандынг, бо цяпер няма ні МоlaMola, ні Uley – такіх платформаў, то мы пастанавілі, што гэтыя стыкеры пойдуць на нашыя юрыдычныя розныя паслугі і, у тым ліку, на гэтыя штрафы», – кажа працаўнік крамы Герман Вярцінскі.

Але не толькі праз штрафы пацярпелі пакупнікі сувенірнай крамы. Маёр МНС Дзмітрый Шафранскі, які стаяў за вышыванкай і апынуўся сярод затрыманых, быў звольнены з працы.

«Сёння супрацоўнікам міліцыі ўсё роўна: апазіцыянер ты, не апазіцыянер, бабуля ці дзядуля, дзіцё…Калі трэба забраць з цэнтру горада, яны забяруць – у любой колькасці людзей, колькі б ні спатрэбілася, каб распусціць страж у грамадстве», – адзначае праваабаронца Алег Волчак.

Рафік Кенгерлі, які найбольш пацярпеў пры затрыманні, зняў пабоі ды накіраваў заяву ў Следчы камітэт аб супрацьпраўных дзеяннях сілавых структураў.

Таццяна Уласенка, «Белсат»