У Менску развіталіся з Уладзіславам Ахроменкам


Гiсторыкі, творчыя асобы, грамадскія актывісты і простыя людзі. У менскім Чырвоным касцёле дзясяткі чалавек развіталіся з пісьменнікам і журналістам Уладзіславам Ахроменкам, які глыбока вывучаў тэму савецкіх рэпрэсіяў ды працаваў з архівамі КДБ. Некалькі дзясяткаў чалавек правялі яго сёння ў апошні шлях – на Заходнія могілкі сталіцы.

«Напэўна, я не пабаюся гэтага слова, гэта другая найцяжэйшая страта пасля сыходу Леаніда Маракова. Гэта тыя людзі, якія не былі прафесійнымі гісторыкамі, але яны зрабілі значна больш, чым увесь Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, які ўвогуле нічога не зрабіў у гэтым кірунку. Ён вывучыў больш за 600 справаў, ён вёў рубрыку «На ўліку КДБ» на радыё «Рацыя», ён выявіў механізм тэрору», – кажа Ігар Кузняцоў, гісторык.

«Па некалькі гадзінаў у дзень сядзець у архіве і рабіць гэтыя перадачы, пры якіх яму дапамагала жонка Вольга… Гэта векапомная справа! Гэта штосьці такое, чаго яшчэ не было ў нашай гісторыі, у нашай журналістыцы і наўрад ці здарыцца», – адзначае Юрка Ляшчынскі, праграмны рэдактар беларускага радыё «Рацыя».

«Неверагодна падарвалі ягоныя сілы, я думаю, архівы КДБ. Калі ён у іх працаваў, то пісаў, тэлефанаваў [мне], што разрываецца сэрца, што немагчыма жыць, што разрываецца сэрца», – кажа Аксана Спрынчан, паэтка.

«За дзень да смерці я быў з ім у Беластоку, мы на адной кватэры з ім жылі ды размаўлялі пра жыццё і смерць. Ён жыў паводле прынцыпу Memento Mori – памятай пра смерць. І, мне здаецца, ён пісаў пра гэта даволі шмат і казаў. Ён ведаў, што яму адведзена мала», – адзначае Максім Клімковіч, суаўтар і кум Ахроменкі.