У Менску развіталіся з Пятром Васючэнкам


Выбітны пісьменнік, літаратуразнаўца, навуковец і выкладчык раптоўна пайшоў з жыцця, не паспеўшы завершыць шэраг планаў і задумаў.

З адданым рупліўцам на ніве беларушчыны прыйшлі развітацца дзясяткі прыхільнікаў ягонага шматбаковага таленту.Сярод прамоўцаў падчас развітання былі сярод іншых і літаратурныя калегі-землякі Пятра Васючэнкі – нарадзінцы Полацку.

«Ён сапраўды быў надзелены полацкім менталітэтам, і адна з самых яскравых рысаў, якая адрознівае палачанаў ад іншых беларусаў, гэта большая вера ў дзівосы, метафізіку і чарадзейства. І гэтая рыса вельмі яскрава выявілася ў творчасці Пятра Васючэнкі«, – сказаў пісьменнік Уладзімер Арлоў.

Эрудзіраванаму «юнаку ў акулярах» Пятру Васючэнку – як згадваюць ягоныя калегі – са студэнцкіх гадоў прарочылі будучыню навукоўца. Гэтак і сталася: кандыдат філалагічных навук, навуковы супрацоўнік акадэмічнага Інстытуту літаратуры, ён дваццаць два гады ўзначальваў кафедру беларускай мовы і літаратуры лінгвістычнага ўніверсітэту.

«Я вельмі доўга падбірала сабе замену. І было вельмі шмат таленавітых людзей, і я выбрала Пятра Васільевіча. Бо гэта быў чалавек незвычайны«, кажа былая кіраўніца кафедры Ала Сакалоўская.

Матэрыял Галіны Абакунчык глядзіце ў поўным выданні навінаў за 28 жніўня

Найбольшую вядомасць, пашану і любоў Пятро Васючэнка здабыў у асяродку беларускай літаратурнай творчай грамадскасці: сябра рады «Саюзу беларускіх пісьменнікаў» стаў таксама аўтарам шэрагу літаратурных і драматургічных твораў, якія былі перакладзеныя на іншыя мовы свету, а яшчэ – увасобленыя ў пастаноўкі на сцэнах беларускіх тэатраў. І ў іншы свет Пятро Васючэнка пайшоў, забраўшы з сабой не зрэалізаваныя задумы і планы, кажуць паплечнікі.

«Зусім нядаўна выйшла чарговая кніга і былі задумы новых, але, на жаль, гэтым задумам ужо ня здзейсніцца. Вельмі шкада, што ня стала такога цудоўнага сябра, выбітнага навукоўца, літаратуразнаўца, празаіка. Вельмі шкада, што мы з ім больш ніколі не пабачымся«, сказаў старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.

З Пятром Васючэнкам развітваліся пад гукі дуды і пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам.

Галіна Абакунчык, «Белсат»