Трынаццацігадовы Кастусь Жыбуль любіць матэматыку і мультфільмы пра пакемонаў. А яшчэ ён мае аўтызм. Сёння ён распачынае сваёй прэм’ернай пʼесай пад назвай «Восем пачуццяў» сезон на сцэне інклюзіўнага тэатру «І». Пастаноўку можна назваць аўтабіяграфічнай: яна распавядае пра свет пачуццяў дзіцяці з аўтызмам.
Аўтар таксама выконвае галоўную ролю ў прэмʼеры сезону. Ён распачаў сваю тэатральную карʼеру тры з паловай гады таму. Цяжкасці – такія ж, як і ў дарослых творцаў і актораў.
«Часам я нервуюся, бо мне бывае складана», – кажа ён.
Паводле таты Кастуся, заняткі ў тэатры пазітыўна ўплываюць на стан хлопчыка.
«Ён вучыцца быць больш упэўненым у сабе, вучыцца канцэнтравацца на якой-небудзь важнай задачы. Бо ўсё ж такі на сцэне трэба быць заўсёды гатовым зрабіць сваё дзеянне, сказаць свае словы», – кажа Віктар Жыбуль.
У тэатры займаюцца як дзеці з аўтызмам, так і без. Але гэта не замінае ім знаходзіць агульную мову.
«Мы адначасова атрымоўваем акторскі досвед і досвед камунікацыі з чымсьці новым. Гэта дае нейкую дабрыню», – кажа Злата.
«Гэта нічым не адцягвае ўвагу, наадварот – дапамагае займацца», – сцвярджае Яна.
«Гэта досвед узаемадзеяння і камунікацыі з дзецьмі. Мы можам ім дапамагаць, як па мне – гэта звычайныя дзеці. З імі вельмі цікава, можна патанчыць, пагуляць», – адзначае Ціхан.
Інклюзіўны тэатр «І» распачынаўся як супольная ініцыятыва арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» і менскай тэатральнай студыі чатыры гады таму. Паводле мастацкага кіраўніка тэатру Ігара Сідорчыка, галоўная мэта праекту – дапамагчы самым розным дзецям, з аўтызмам і без, займацца творчасцю.
«Мы стараемся ўлічваць, але аніяк не вылучаем гэтых дзяцей. Мы намагаемся зрабіць так, каб яны ўдзельнічалі ў агульным працэсе. Яны выконваюць усе нашыя тэатральныя гульні, практыкаванні, намагаюцца падцягвацца», – кажа Ігар Сідорчык.
Ужо на першым спектаклі сезону – аншлаг. У зале сабралася каля тысячы чалавек. Падтрымаць маладых актораў прыйшла беларуская спявачка Palina.
Да канца году інклюзіўны тэатр плануе паказаць яшчэ два спектаклі. Наступны – 23 лістапада ў Гомлі. Сачыць за абвесткамі можна на сайце тэатру і ў сацыяльных сетках.
Ксенія Тарасевіч, «Белсат»