У Менску распачаўся фестываль батлеечных і лялечных тэатраў


Шосты з ліку фестываль «Нябёсы» – змяніў фармат. Замест міжнароднага конкурсу сёлета арганізатары вырашылі засяродзіцца на беларускіх калектывах.

«Тое, што большы акцэнт будзе на беларускіх, можа быць, нават на аматарскіх калектывах, будзе прыязджаць больш тэатраў дзіцячых, з удзелам менавіта дзяцей, гэта таксама добра. Няхай яны паглядзяць, няхай яны паварацца ў гэтай кухні фестывальнай», – кажа кіраўнік фестывалю Аляксандр Ждановіч.

У праграме фестывалю дзевяць спектакляў. Сярод іх ёсць тэатралізаваныя пастаноўкі, аднак перадусім – батлейка.

У Беларусі батлейка ўзнікла ў 16-м стагоддзі. Лялечны тэатр узяў назву ад Бэтлеему – гораду, дзе, паводле Бібліі, нарадзіўся Хрыстос. Менавіта гэты сюжэт закладзены ў аснову пастановак.

«Традыцыйна спектакль складаецца з рэлігійнай часткі, якую дэманструюць на верхнім ярусе батлейкі, – тут месцяцца нябёсы. І са свецкай: яна адбываецца на ніжнім ярусе. У якасці персанажаў тут цар і звычайныя грамадзяне. А ў правым куце – можна пабачыць пекла», – распавядае карэспандэнт Юлія Лабанава.

Традыцыя батлейкі захоўвалася ў Беларусі да Другой сусветнай. У вялікай хаце біблейскую гісторыю напярэдадні Калядаў паказвалі штогод, кажа кіраўніца тэатру «Жаронцы».

«Ваенны час, гэта было страчана і, дзякуючы энтузіястам, – адноўлена. І я таксама асабіста вельмі зацікавілася гэтым, даўно хацела – гэта была мая мара. І вось летась мы ўжо змаглі першы раз выступіць тут на «Нябёсах», – кажа кіраўніца тэатру «Жаронцы» Хрысціна Лямбовіч.

Сямейны тэатр Быцко прывёз з Пружанскага раёну спектакль на заходнебеларускім дыялекце. Паставіць такую лялечную пастаноўку сужэнства натхніў пераклад Евангелля на мову палешукоў Фёдара Клімчука.

«Ні на адной мове: ні на расейскай, ні на стараславянскай я так не ўспрымала Евангелле, яе на мове сваіх продкаў. І я тады сказала свайму мужу, што мы павінныя зрабіць батлейку на палескай мове для таго, каб захоўваць сваю мову. Таму што ў нас ужо моладзь не гавора па-свойму, а я хачу, каб мова захавалася», – Ларыса Быцко, мастацкая кіраўніца спектаклю «Палеская батлейка».

Фестываль працягнецца заўтра. Наведаць бясплатна спектаклі ды майстар-класы ў стварэнні лялек можна ў сталічным Палацы мастацтваў.

Юлія Лабанава, «Белсат»