У Менску прайшоў TEDx: квіткі раскупілі за чатыры дні


Чарговая канферэнцыя TEDx прайшла ў Менску. Ужо другі год гэтая імпрэза праходзіць у фармаце пашыранай ліцэнзіі – з правам запрасіць да тысячы гледачоў. Гэтым разам пляцоўкаю для канферэнцыі стала галоўная сцэна Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Што такое TEDx і як ён прайшоў у сталіцу Беларусі, распавядзе Ян Вярбіцкі.

TED – гэта амерыканскі фонд, знакаміты перш за ўсё сваімі канферэнцыямі, якія ладзяцца ва ўсім свеце на ліцэнзію галоўнай арганізацыі. Звышмэта фундацыі – распаўсюд і генерацыя ўнікальных ідэяў. І гэтыя інтэлектуальныя івэнты маюць у Беларусі сваю гісторыю.

«У прошлым годзе мы правялі чатыры імпрэзы: вялікую канферэнцыю TEDxMensk, спецыяльную канферэнцыю для жанчын, два TEDx-салоны, дзе мы проста абмяркоўваем гэта. Гэта трошкі зрушвае грамадскую супольнасць да большай актыўнасці. Вось гэта наш падступны план», – кажа Іна Карней, арганізатарка TEDX у Менску

Сёлетні абшар тэмаў – шырокі: псіхалогія, матывацыя, тэхналогія, эканоміка, экалогія і нават здаровы лад жыцця. Арганізатары сцвярджаюць, што гэтыя тэмы больш цікавыя для беларусаў. Відаць, не памыляюцца – квіткі раскупілі за чатыры дні.

Аб’ектыў
Беларуская моладзь з замежнаю адукацыяй усё радзей вяртаецца на радзіму
2019.03.30 21:34

 

«Гэта мерапрыемства, якое прапануе вельмі разнастайныя тэмы, якія, па-першае, цікавыя самі па сабе, а па-другое, яны цікавыя ў суадносінах адзін да аднаго. Мы можам тут убачыць, наколькі мы, беларусы, разнастайныя, наколькі мы цікавыя, якія цудоўныя рэчы мы любім», – кажа адзін са спікераў Мікіта Сыскоў,

Канферэнцыі TED ладзяцца ва ўсім свеце ўжо дзесяць гадоў. На сцэну Купалаўскага тэатру выйдуць як беларускія, так і замежныя спікеры, гатовыя падзяліцца сваімі ідэямі. Напрыклад, Настасся Ліпневіч – беларуска з паходжання, жыве ў Нью-Ёрку і прызнаная Амерыканскай псіхалагічнай асацыяцыяй найлепшаю маладою навукоўцаю.

«Назва гэтай канферэнцыі – «Абуджэнне розуму», і я спадзяюся, што гэта стане штуршком і абудзіць розум у вялікай колькасці людзей, і людзям стане цікавей вывучаць нешта новае, цікавае і шукаць новыя ідэі далей, рухацца наперад», – кажа прафесар псіхалогіі Гарадскога Універсітэту Нью-Ёрку Настасся Ліпневіч

Канферэнцыі TED збіраюць велізарную колькасць гледачоў ва ўсім свеце і яшчэ большую колькасць онлайн-праглядаў. Такім чынам, ідэі ўдзельнікаў менскай імпрэзы будуць пачутыя ва ўсім свеце.

Ян Вярбіцкі, «Белсат»