У Менску прайшоў дзень Польшчы


Польская зорка ўзыйшла па-над Менскам! Сёння беларуская сталіца прэзентуе культуру нашых заходніх суседзяў. Дзень Польшчы ў Менску распачаўся тэатралізаваным шэсцем ад галерэі Міхаіла Савіцкага да ратушы. На чале працэсіі быў Лайконік – адзін з сімвалаў польскага Кракава, татарскі вершнік у экстравагантным усходнім строі, цюрбане ды з булавою ў руцэ. Зрэшты, самае цікавае, як заўжды – наперадзе.

«Кульмінацыяй з’яўляюцца канцэрты. Прыязджае «Golden Life», гэта будзе апошні пункт праграмы. І зазвычай гэты пункт праграмы збірае найбольшую колькасць прыхільнікаў, найбольш людзей. Але мне здаецца, усё будзе фантастычнае», – распавёў амбасадар Польшчы Артур Міхальскі.

Аднак як прызнаецца ў размове з «Белсатам» польскі амбасадар Артур Міхальскі, асабіста яго найбольш цешаць зусім іншыя музычныя пункты сённяшняй праграмы – гэта выкананне твораў знакамітых нарадзінцаў беларускай зямлі Чэслава Немэна і Станіслава Манюшкі.

«Маем 200-годдзе Станіслава Манюшкі. І мы знаходзімся ў Менску – месцы, гэтак моцна звязаным са Станіславам Манюшкам: ён нарадзіўся 50 кіламетраў адсюль, а літаральна там, дзе будзем святкаваць, хадзіў у гімназію, насупраць катэдры, у якую ён таксама хадзіў – мы знаходзімся ў цэнтры жыцця Манюшкі», – распавядае Артур Міхальскі амбасадар Польшчы.

Зрэшты, знайсці нешта сваё праграма Дня Польшчы давала магчымасць літаральна кожнаму наведніку. Акрамя песень і танцаў у менскім Верхнім Горадзе сёння працавалі дзіцячая пляцоўка, «Каляровы цырк» з хадульнікамі і акрабатамі, разнастайныя майстар-класы, моўна-адукацыйны кірмаш, літаратурныя, тэатральныя ды інфармацыйныя пляцоўкі. Адбылася і творчая сустрэча са знакамітым польскім пісьменнікам і навукоўцам Янушам Леонам Вішнеўскім.

«Падабаюцца ўсе. Вось Расея была, палякі – і кожны паказвае сваё. І дай Бог, каб гэта жыло каб у нас быў мір, каб людзі аб’ядналіся».

«Я рада за Польшчу. І цешуся, што нашая Беларусь кожны год сустракаецца з палякамі, вельмі цешуся! Люблю».

«Любоў да сваёй Радзімы, гісторыі, культуры – вось гэтага ў палякаў не адняць. Яны ў гэтым плане вылучаюцца тым, што трымаюцца сваіх каранёў».

Арганізатарамі імпрэзы сталіся Менгарвыканкам і Амбасада Польшчы ў Беларусі.

«Трэба нашае суседства адкрываць наноў. Трэба зрабіць, каб мяжа нас больш лучыла, а не падзяляла – гэта няпроста, але ўсё-ткі можна зрабіць», – кажа Артур Міхальскі, амбасадар Польшчы ў Беларусі.

Дарэчы, у падобным фармаце ў Менску ўжо адбыліся дні Швецыі і Вялікай Брытаніі. Ну што ж, чакаем новых гасцей і новых знаёмстваў!

Валеры Руселік belsat.eu