У Менску прайшла экскурсія ў гонар 102-х угодкаў БНР


«Мясцінамі БНР» – у цэнтры Менску адбылася пазнавальная тэатральна-гістарычная экскурсія, прысвечаная 102-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі. Дабрачынную імпрэзу для ўсіх ахвотных зладзілі гісторыкі – даследнікі слынных падзеяў разам з удзельнікамі тэатру «Жывая гісторыя».

У Менску працягваюцца святкаванні, прысвечаныя 102-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі. Гісторыкі, акторы і экскурсаводы зладзілі экскурсію па мясцінах БНР.

«Мы з’яўляемся аматарамі беларускай гісторыі, гісторыі БНР. Нядаўна мы святкавалі 102-я ўгодкі БНР, таму, натуральна, хочам яшчэ раз гэта адзначыць», – кажа арганізатар экскурсіі Яўген Зубовіч.

Шмат якія адрасы ды мясціны БНР добра вядомыя і сённяшнім менчукам. Так, у гэтым будынку Нацыянальнага банку 102 гады таму месцілася друкарня, дзе выпускалі Устаўныя граматы БНР.

«Цікава, што калісьці гэта была друкарня: у школе такую гісторыю не распавядаюць», – адзначае ўдзельніца экскурсіі.

Яшчэ адно знакавае месца гісторыі БНР – цяперашні тэатр імя Янкі Купалы: тут адбываўся Усебеларускі сход, які даў пачатак тым гістарычным падзеям».

«Я ніколі не бачыў вось гэтыя будынкі, дзе адбываліся тыя падзеі. І таму было вельмі цікава пабачыць гэтыя гістарычныя месцы», – лічыць удзельнік экскурсіі.

Цяперашні будынак музычнага каледжу каля плошчы Свабоды – гэта колішняе месца паседжанняў Ураду БНР. Тут экскурсія суправаджалася не толькі гістарычнымі аповедамі, але і тэатралізавана кампазіцыяй.

«Мы – тэатр «Жывая гісторыя», які робіць гісторыю жывой. Зараз мы – уцекачы пачатку ХХ стагоддзя».

«Мы стараемся паказаць тую атмасферу, якая была стагоддзе таму тут, на гэтых землях».

«Я лічу, што арганізацыя падобных экскурсіяў па горадзе Менску з’яўляецца вельмі важнай з’явай для нас як для народу. Для таго, каб маладое пакаленне пераймалася тымі каштоўнасцямі і ідэаламі, якімі жылі заснавальнікі БНР. Гэта тое, што нам патрэбна сёння, каб у нашым народзе былі такія людзі, гатовыя ахвяравацца дзеля сваёй краіны», – кажа Юрысь Бачышча, арганізатар экскурсіі.

«Мне ўжо трыццаць гадоў, а я толькі зараз даведваюся пра такую гісторыю – праўдзівую гісторыю Беларусі».

І завяршылася экскурсія ці не каля самага вядомага будынку з гісторыі БНР: на вуліцы Валадарскага 9. Тут, 102 гады таму, 25 сакавіка 2018 года была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка.

Ушанаваннем тае падзеі стаўся спеў малітоўнага – народнага гімну «Магутны Божа».

Галіна Абакунчык, «Белсат»