У Менску паказалі нечаканую інсцэнізацыю п'есы Шэкспіра па-беларуску


Шэкспіраўскі сюжэт у перакладзе Алеся Разанава – і новыя тэхналогіі ў бачанні моднага расейскага рэжысёра. Пʼеса «Сон у летнюю ноч» пра каханне маладых грэкаў на сцэне Купалаўскага тэатру не толькі змяніла назву, зрабіўшыся «Сном у купальскую ноч», але і напоўнілася сучаснымі спецэфектамі.

На сцэне Купалаўскага тэатру – гіраскутары, медыяграфіка, куб з галаграфічным пакрыццём. Расейскі рэжысёр Андрэй Прыкатэнка стварыў нечаканую інсцэнізацыю пʼесы Ўільяма Шэкспіра.

98-мы сезон Купалаўскага тэатру завяршыўся перадпаказам спектаклю – «Сон у Купальскую ноч». Новасібірскі рэжысёр разам з беларускімі артыстамі. На аснове шэкспіраўскай пʼесы зрабілі эстрадна-карнавальны кактэйль. У цэнтры сюжэту дзве закаханыя пары, пачуцці якіх вышэйшыя сілы заблытваюць з дапамогаю чароўнага зелля, у інсцэнізацыі чароўным зеллем ёсць смартфон. Але нягледзячы на магічную блытаніну – сапраўднае каханне перамагае.

Павел Харланчук таленавіта імправізаваў і рабіў сэлфі з гледачамі, Міхаіл Зуй чытаў фанемны рэп, Юлія Шпілеўская, у вобразе эльфійскай каралеўны, кружляла на гіраскутары па сцэне. Шэкспір у Купалаўскім атрымаўся насычаны тэхнічнымі гэджэтамі.

«У нас там такія тэхналогіі, і Wi-Fi, і «AirPlay». Калі глядач прыйдзе са сваймі тэлефонамі, хвалямі – не вядома, як гэта будзе працаваць», – кажа актор Павел Харланчук.

Мастацка-тэхнічнае вырашэнне спектаклю не прывязвае дзею ані да якога канкрэтнага месца і часу. Інсцэнізацыя разгортваецца ва ўмоўным свеце.

«Месца дзеянне напісана – Афіны, але гэта даволі ўмоўная гісторыя. У любым выпадку мастак, аўтар можа трактаваць тэкст пʼесы як заўгодна. У гэтым выпадку мы нічым не былі абмежаваныя», – кажа мастачка Вольга Шаішмелашвілі.

Андрэй Прыкатэнка адзначыў гукавую прыгажосць, мілагучнасць перакладу Алеся Разанава. Рэжысёр не разумее беларускай мовы, але гэта не стала перашкодай падчас працы з акторамі.

«Маё ўзаемадзеянне з беларускімі артыстамі мне нагадвае чацвёртую сцяну, калі я не разумею, аб чым яны гавораць, але я мушу ведаць, што паміж імі адбываецца. Так што, гэта ў нейкай ступені нават карысна», – распавядае рэжысёр Андрэй Прыкатэнка.

Ці ўдаўся мастацкі эксперымент, меркаваць яшчэ рана. Рэжысёр нагадаў гледачам: перадпаказ гэта адкрытая рэпетыцыя, акторам патрэбны час, каб зжыцца са сваймі персанажамі.

Трапіць на прэмʼеру ў Купалаўскі ды скласці ўласнае меркаванне аб спектаклі менчукі змогуць 7-га верасня.

Андрэй Такітанг belsat.eu