У Менску паказалі фільм пра Курапаты. У кінатэатр прыйшлі прадстаўнікі амбасадаў Польшчы і ЗША ды сваякі рэпрэсаваных


У сталічным кінатэатры «Масква» адбылася прэмʼера фільму «Жоўты пясочак», знятага паводле твору Васіля Быкава. Гэта першая мастацкая стужка, прысвечаная тэме расстрэлаў у Курапатах.

Экранізацыю стварыў рэжысёр Аляксей Туровіч на ўласныя грошы. Стужка здымалася ўсяго за пяць дзён у Ратамцы, ролі выканалі акторы беларускіх тэатраў.

«Тэма Курапатаў, калі нявінных людзей расстрэльвалі, велізарную колькасць. Таму я наважыўся ўзяцца за гэтую тэму і зрабіў ігравую стужку», – распавядае рэжысёр.

У апавяданні «Жоўты пясочак» селянін, паэт, камуніст, крымінальнік, белагвардзеец – апынаюцца побач у машыне, якая вязе іх на расстрэл у Курапаты. Ахвяры пакорліва едуць на немінучую смерць, нават дапамагаючы катам прыспешыць расправу. Рэжысёр сыграў ролю чэкіста Сурвілы, які выконваў загады рэжыму, а цяпер сам трапіў у яго жорны.

На прэм’еру прыйшлі прадстаўнікі амбасадаў Польшчы і ЗША, сваякі рэпрэсаваных, палітыкі Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, даследчыкі ды абаронцы Курапатаў, мастакі і скульптары, якія прысвячаюць трагічнай тэме свае творы.

«Уражанні моцныя, калі б яшчэ Быкаў быў па-беларуску, гэта проста быў бы фільм, які ўваходзіць у беларускую класіку», – кажа пасля прагляду стужкі палітык Павал Севярынец.

«Мы сутыкнуліся зноў са спробай стварэння нацыянальнага кінематографа без нацыянальнай мовы. У мяне пытанне: чаму фільм здымаўся на такой рафінаванай расейскай мове, калі селянін, паэт, нацдэм гавораць так, як жыхары Разаншчыны ці Тамбоўшчыны? Вось таму ў мяне супярэчлівыя ўражанні», – дадае пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Рэжысёр цяпер шукае грошай, каб героі фільму ўсё ж загаварылі на роднай мове. У сталіцы адбылося толькі два паказы, а далей стужка паедзе па ўсёй Беларусі – ужо ў кастрычніку яе змогуць паглядзець жыхары Менскай вобласці і Бабруйску. Што праўда, на яе трапяць школьнікі толькі старэйшых класаў, бо ўзроставае абмежаванне – 16 гадоў.

Аляксандра Дорская, «Белсат»