У Менску можна зрабіць татуіроўку для веганаў


Сёння ў прасторы «Корпус» у Менску адбыўся адмысловы фестываль з нагоды Дня вегана. Апроч соевых бургераў там можна было знайсці і гэндмэйд-кірмаш, узяць удзел у майстар-класах ды паслухаць лекцыі. Мы адправілі туды нашую рэпартэрку-мясаеда – і вось што атрымалася.

На «Vegan Day» у Менску, які прайшоў у межах аднайменнай сусветнай ініцыятывы, можна было набыць розныя веганскія прысмакі: хумус, фалафель і веганскія бургеры. Прадавачка вега-фаст-фуду «Monkey Food» кажа, што катлету для свайго самага лаканічнага бургеру – «Грынвічу» – яны робяць з пшаніцы. Таксама там будзе шпінатны кетчуп, салат і булачка з дражджавога цеста.

Апроч ежы на кірмашы можна знайсці і больш экстрэмальныя заняткі. Напрыклад, зрабіць этычную татуіроўку.

«Этычная татуіроўка робіцца без выкарыстання фарбаў, у якія ўваходзяць кампаненты жывёльнага паходжання. І без фарбаў, якія выпрабоўваюцца на жывёлінах», – распавядае тату-майстрыца Алена Алёнава.

Тату-майстар Алена Алёнава. Фота – «Vegan Belarus»

Падчас здымкаў Алена Алёнава робіць татуіроўку спадарыні Анастасіі.

«Мая татуіроўка значыць мантру «ом» і «лотас». Гэта з індыйскай філасофіі. Моц вечнасці ці гук, ад якога ўсё паходзіць», – кажа наведніца фестывалю.

Веганства прадугледжвае адмаўленне ад любых прадуктаў жывёльнага паходжання: не толькі мяса, але і малака, яек, мёду, любой скураной вопраткі. Гэта цэлы светапогляд, які прадугледжвае этычнае стаўленне як да жывёлінаў, гэтак і да навакольнага асяроддзя.

Мы запыталіся гасцей фестывалю, ці адносяць яны сябе да веганаў – і вось што пачулі:

«Я сама больш за паўтара года прытрымліваюся гэтага руху. Вось хачу сына пазнаёміць з тым, што бывае больш этычная ежа, чым яму прапаноўваюць у школах і садах».

«Мы самі таксама веганы, і такой імпрэзы прапусціць было нельга».

«Веганства я не практыкую, але сасіску пакаштаваў – смачная».

«World Vegan Day» у Менску праходзіць ужо другі раз і прымеркаваны да Міжнароднага дня веганства, які адзначаецца сёння. Арганізатары не выключаюць, што і налета паўтораць імпрэзу.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»