У Менску масава судзяць удзельнікаў «Сустрэчы свабодных людзей»


Канвеер працэсаў у судзе Цэнтральнага раёну Менску: тут судзілі грамадска-палітычных актывістаў за ўдзел у «Сустрэчы свабодных людзей» – вулічнай акцыі, што адбылася ў межах выбарчай агітацыйнай кампаніі.

Палітык Павал Севярынец прыйшоў у суд з гэтак званаю трывожнаю валізаю: у ёй – побытавыя рэчы ды харчы на выпадак зняволення: мыла, зубная паста, сухары ды сала. Рашэнне ж у ягонай справе – штраф 50 базавых (1275 рублёў).

«На мой погляд, гэта проста сігнал: усе на плошчу. Лукашэнка таксама можа быць зацікаўлены ў вялікай плошчы. Дарагія сябры, не бойцеся, давайце інфармацыю, перапошчвайце: 7 снежня, 12:00 – абарона незалежнасці», – кажа Павал Севярынец.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

За заклікі да ўдзелу ў акцыі пратэсту на Севярынца склалі чарговы пратакол адразу па завяршэнні суда. Таксама горача было на працэсе блогера MozgOn Уладзіміра Цыгановіча. Яго прыйшлі падтрымаць сябры ды паплечнікі.

«Цыгановіч пачаў зачытваць свой маніфест – і суддзя выбегла з кабінету. Мы хвілінаў 10 заставаліся ў кабінеце без суддзі. Нам загадвалі выйсці. Але мы заставаліся, тады выклікалі АМАП, і нас выносілі», – распавядае Ігар Кляшчук.

«Гэта нейкае бязмежжа: суддзя не паказвае ніякіх дакументаў, што яна суддзя, за што яна судзіць людзей: Дзяніс Урбановіч нейкую ручку патузаў на Ратушы, Паўлу Севярынцу – 50 базавых: вось толькі што з-пад носу яго звалаклі, далі 50 базавых за заклік выйсці за незалежнасць, разумееце? Абавязак кожнага грамадзяніна бараніць незалежнасць!» – абураецца Зміцер Казлоў.

Штрафы ад 30 да 50 базавых за «Сустрэчу свабодных людзей» цягам дня былі прысуджаныя 8 грамадска-палітычным актывістам. Прычым вулічная акцыя адбывалася ў межах перадвыбарчых пікетаў кандыдатаў на дэпутацтва, а таму суды над удзельнікамі маюць не адміністратыўны характар, а палітычную замову напярэдадні 7 снежня, адзначаюць актывісты.

«Вось гэтымі прысудамі дзяржава проста спрабуе падтрымаць страх, разлічваючы, што беларусы будуць баяцца і не выйдуць. І дадаткова высветлілася, што людзі асуджаныя за легальныя пікеты, якія самі ўлады падчас так званай выбарчай кампаніі дазвалялі. Гэткім чынам і сама ўлада сваймі рашэннямі суда прызнае, што ніякіх выбараў у краіне няма», – лідар Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Судовыя працэсы над грамадска-палітычнымі актывістамі працягнуцца таксама 9 і 12 снежня.

Галіна Абакунчык belsat.eu