У Менску гукалі вясну паводле спрадвечнай беларускай традыцыі


Зіма не адступае і лютуе то снегам, то маразамі. Таму самы час гукаць вясну!! Традыцыя свята сягае ў паганскія часы, у некаторых мясцінах Беларусі. Гуканне вясны супадала з канцом масленкавага тыдня. Да спрадвечнай беларускай традыцыі сёння прыглядаліся госці сталічнага заапарку.

На марозе, у снезе сёння госці менскага заапарку маглі назіраць старажытны беларускі абрад – гуканне вясны.

Удзельнікі імпрэзы кажуць:

«Гледзячы па надвор’ю ранавата, але я гляджу, усе чакаюць вясну і можа пачуе наш клік».

«Паспяшаць, каб вясна хутчэй прыйшла. А то холадна стала. Зімы не было, пад вясну прыйшла. Навошта?»

«Для мяне вясна, калі бэз, калі птушкі спяваюць, калі каханне квітнее».

Адным з першых кожную вясну ў Беларусь прылятае жаўрук. Традыцыйна пяклі сорак кавалкаў печыва ў выглядзі птушкі.

«Сімвалам гукання вясны лічыцца жаўрук і тамы пяклі з цеста маленькіх жаўрукоў для дзяцей. І падкідвалі ў неба, такім чынам клікалі вясну прыйсці раней», – распавядае супрацоўніца заапарку Вольга Калмакова.

Гукаюць вясну і песнямі-вяснянкамі да сонца і танцамі, бо лічыцца, дзе карагод ходзіць – там жыта родзіць.

Уяўлялася, што вясна – гэта прыгожая дзяўчына, а як іначай?

Для гукання вясны збіраліся на адкрытым месцы, горцы, беразе ракі, краі лесу. У сталіцы замест лесу абралі – заапарк, дзе і звяры ды бліжэй да прыроды. Апроч спеваў, танцаў арганізатары правялі конкурсы і гульні, выйгрыш – адмысловая валюта, за якую можна было прыдбаць на кірмашы адмысловыя сувеніры.

Наста Ільіна, «Белсат»

Фота – Viktor Drachev/TASS