У Менску дзецям распавялі аб Вялікадні на інтэрактыўным шоу


«Мы вяртаем сэнс свята Пасхі», – кажа Наталля, адна з арганізатарак інтэрактыўнага шоу пра Вялікдзень у Менску. Фота – «Белсат»

Што за свята такое – Вялікдзень? Як яго трэба адзначаць? Чаму Хрыстос загінуў на крыжы, а пасля ўваскрэс? Змаганне дабра і зла, вырабы сваймі рукамі, падарункі і пачастункі. У Менску прайшло інтэрактыўнае велікоднае шоу для дзетак. Імпрэзу наведала і Вольгі Чайчыц.

27 красавіка ў Менску прайшло інтэрактыўнае шоу з мноствам гульняў, падчас якога дзеці пазнаёміліся з сэнсам свята Вялікадня.

«Мы ладзілі гэтае свята, каб разам з дзецьмі адзначыць гэтае цудоўнае свята Пасхі. Смерць і ўваскрашэнне Ісуса Хрыста. Каб дзеткі зразумелі асноўныя хрысціянскія прынцыпы. Пра дабро і зло, як сябе паводзіць, калі зрабілі памылку», – кажа арганізатар свята Арцём Бабоўнікаў.

Відэарэпартаж са свята глядзіце ў поўным выданні навінаў за 27 красавіка

«Разам з дзецьмі мы падарожнічаем у мінулае, і вяртаем сэнс свята Пасхі. Таму што ў сённяшні дзень людзі робяць розныя рытуалы, фарбуюць яйкі, пякуць булкі, але ніхто не ўзгадвае пра Ісуса. І вось разам з дзеткамі мы праходзім гэты шлях», – працягвае арганізатарка свята Наталля.

«Зараз робім выраб, каб не забыць пра гісторыю Ісуса: Ісус уваходзіць у Ерусалім, тут Ісус мые ногі вучням, тут апошняя вячэра, Ісуса ўкрыжавалі, Ісус уваскрэс, і каб не забыць, чаму ён памёр – таму што ён нас любіць», – распавядае малы Якуб.

«Свята адбылося вельмі цікавае, радаснае. І ў вельмі дасціпнай, простай форме данесена дзецям галоўнае пасланне гэтага свята. Усе вельмі задаволеныя, шчаслівыя, атрымалі падарункі. Дзякуй усім!», – дадала Таццяна Усіновіч, адна з удзельніц.

Вольга Чайчыц, «Белсат»