У Менску адзначылі гадавіну незалежнасці Украіны


У 26-ую гадавіну незалежнасці Украіны ў беларускай сталіцы прайшла вялікая ўкраінская імпрэза – Дні ўкраінскай культуры, – да якой спрычыніліся і амбасада Украіны ў Беларусі, і Менскі гарвыканкам.

«Цудоўныя калектывы з Украіны прыехалі, асабліва я хачу прарэкламаваць палтаўскі калектыў «Чураіўна», які ўжо не першы раз прыехаў у Менск, яго тут палюбілі», – кажа ўкраінскі амбасадар Ігар Кізім.

Апроч творчых калектываў і выканаўцаў з Украіны, украінская дыяспара прадэманстравала свой нацыянальны каларыт – выставу традыцыйнай вышыўкі і рамёстваў, прысмакі нацыянальнай кухні.

«Украінскі народ захоўвае вышыўку – гэта яго ідэнтычнасць, гэта яго душа. І мы ўкраінцы, які жывуць у Беларусі, гэтую вытворчасць беражэм», – распавядае Галіна Калюжна з таварыства «Запавет».

Не хавалі эмоцыяў замежныя госці.

«Мне вельмі прыемна, што ваш народ ганарыцца тым, што вы – беларусы. І мне вельмі хацелася, каб мы ўкраінцы яшчэ больш ганарыліся, што мы ўкраінцы, таму што мой народ зараз падымаецца з кален. І я веру, што доўгачаканы мір будзе ва Украіне», – кажа заслужаная артыстка Украіны Яраслава Рудэнка.

Не абышлося без эмоцыяў і ў «гаспадароў».

«Нам вельмі падабаецца Украіна, я з Менску сама. Мы сябры, мая сястра сядзіць і плача», – распавядае мянчанка.

Тым часам Украіна стала яшчэ да нас бліжэй, бо нечакана Беларусь наведала ўкраінская зорка, пераможца «Еўрабачання – 2016», Джамала. Яна стала гэдлайнерам «Mirum Music Festival», які напярэдадні прайшоў каля муроў Мірскага замку.

«Вось такі наш лёс артыстаў, мы прыязджаем, выступаем і нават не бачым гарадоў. Але мы адчуваем людзей, і калі я выйшла сёння на сцэну, я проста ў іх закахалася. Таму што яны такія родныя, мне хацелася кожнага абняць. І я іх абдымала сваю музыкаю, сваймі нотамі», – дзеліцца сваймі эмоцыямі спявачка Джамала.

Райдэр у спявачкі быў звычайны, хіба была толькі адная просьба – ніякай свініны, бо рэлігія выканаўцы яе спажываць не дазваляе.

«Так як мы хацелі прывесці яе раней, то мы ведалі яе рэпертуар – гэта такі соул, фанк, джаз. У Джамалы вельмі прыгожы голас, у яе вельмі класны калектыў: 10 чалавек на сцэне, вельмі якасная музыка. Тое, што рэальна варта пачуць», – адзначае арганізатарка «Mirum music festival» Вольга Смок.

Мірскі фэст злучыў украінскіх, беларускіх і расейскіх выканаўцаў: на сцэне пад мірскім небам выступілі маскоўкі гурт БЦХ і расейская электронная музыкантка «Ishome». А з беларускіх выканаўцаў фэст прымаў Паліну Рэспубліку і «Navinand».

«Мы заўсёды падбіраем толькі тыя гурты, якія нам асабіста падабаюцца. Нікога не клічам, каб зрубіць, зарабіць грошай. Кагосьці бачылі на іншых фэстах, кагосьці ведалі да гэтага. Джамалу хацелі даўно прывесці і тут яна перамагла на Еўрабачанні і гэта такая добрай нагода паказаць яе беларусам», – дадае Вольга Смок.

Таму чарговы раз пераконваемся, што культура лучыць нашыя суседнія народы больш эфектыўна чым палітычныя заявы.

НІ, «Белсат»