У Менску адсвяткавалі Дзень Польшчы. Такога больш не будзе


Такое святкаванне можа быць толькі раз у сто гадоў! Бо менавіта з нагоды 100-годдзя незалежнасці Польшчы менскія ўлады і польскія дыпламаты зарганізавалі ў беларускай сталіцы Дзень Польшчы. Свята польскае, але для менчукоў і гасцей сталіцы амбасадар суседняй краіны загаварыў… па-беларуску.

Наведнікі Дня Польшчы:

«З даўніх часоў Рэч Паспалітая – гэта нашая сястра. Мы вельмі даўно разам, і вельмі прыемна прыйсці сёння і разам святкаваць гэты дзень».

«Я ведаю Польшчу, я туды ездзіла. Мне вельмі падабаецца, народ добразычлівы, ветлівы, усе ўсміхаюцца, прыгожыя гарады, чыстыя».

«У планах, вядома, спазнаць яе лепш. Яна, безумоўна, блізкая нам тэрытарыяльна, геаграфічна, гістарычна, таму пра яе трэба ведаць болей!»

Дзеля гэтага арганізатары падрыхтавалі інфармацыю пра Польшчу ды забавы для людзей усіх узростаў і густаў.

«Каб мы былі разам – і менчукі, і ўсе, хто любіць польскую культуру, турысты. Можам тут разам слухаць польскія спевы, глядзець, як танчаць прадстаўнікі польскай дыяспары… дзеці могуць трапіць на паказы па фізіцы, хіміі, можна бачыць польскія кнігі ў перакладзе на беларускую мову. А ўвечары да поўначы будзе польскі джаз у Менску», – кажа Артур Міхальскі, амбасадар Польшчы ў Беларусі.

Свята было такое, што спявалі і танчылі не толькі артысты і госці, а нават робаты!

А як без пачастунку? Польскія стравы, майстар-класы ў гатаванні і, вядома, частаванне гасцей!

«Традыцыйны польскі журэк на жытнім заквасе, на белай каўбасе, сырой, што вельмі важна: яна аддае свой смак супу, – на вэнджаным мясе. Дадамо хрэн, смятану, каб усім было смачна!», – гаворыць Мікалай Рыкоўскі з фонду «Wolne miejsce».

Фудкорты з польскаю ежай працавалі адразу ў некалькіх месцах.

«Чакаем, пакуль дагатуецца польская кухня. І засталося ў нас яшчэ па плане ЮНЭСКО і дамаляваць польскую мапу. Цікава, вельмі незвычайна, неяк па-хатняму, не шумна. Здорава!», – распавядае наведніца Дня Польшчы.

Па-хатняму былі арганізаваныя і майстар-класы па экадызайне. Кожны ахвотны мог стварыць унікальныя тэкстыльныя вырабы.

«Тканіна можа быць нечым большым, чым тое, што нам здаецца на першы погляд. Мы ўсе разам ствараем тут аб’екты, якія могуць быць выкарыстаныя ў інтэр’еры, як, напрыклад, гэтая лямпа», – кажа Паўліна Садрак з Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Лодзі.

Быў час на забавы і час на навуку. На адукацыйным кірмашы наведнікі бралі ўдзел у моўных конкурсах ды набывалі кнігі польскіх аўтараў.

«Вельмі падабаецца, уражанні шалёныя! Я ў цэнтры пенсіянераў наведваю гурток польскай мовы, таму для мяне такое прафесійнае свята. Вельмі радасна!», – дзеліцца ўражаннямі мянчанка.

Як адзначаюць адмыслоўцы, польская мова ў Беларусі карыстаецца попытам.

«Некаторыя хочуць з’ехаць на навучанне, на сталае месца жыхарства, на працу, але я ўсё ж заахвочваю людзей, каб яны не проста вучыліся і жылі, а калі б яны ехалі вучыцца і каб яны вярталіся, каб нешта стараліся мяняць тут, у Беларусі», – адзначае Аляксандр Пруднікаў, дырэктар школы польскай мовы.

Адною з цаглінак пабудовы найлепшага ў нашай краіне і закліканы служыць Дзень Польшчы, калі можна пабачыць і, як спадабаецца, пераняць найлепшае ад нашых суседзяў!

Вольга Старасціна, «Белсат»