У Менску адчынілі гадавальнік. Толькі не для жывёлаў, а раслінаў


Не толькі жывёлінам, што патрапілі ў бяду, апынуліся на вуліцы, патрабуецца дапамога. Праз не камфортныя ўмовы – адсутнасць святла або недахоп ведаў у даглядзе – пакутуюць і хатнія кветкі. Але ў Менску з’явіліся энтузіясты, якія адчынілі для раслінаў своеасаблівы гадавальнік: там іх дагледзяць і знойдуць новага гаспадара.

Майму кактусу апунцыя вельмі кепска. Не хапае святла, а кот увесь час абрывае ягады. То павязем расліну туды, дзе ёй будзе лепш, – у адмысловую ператрымку «Бібліятэка раслінаў», а там яе забяруць новыя гаспадары.

Пляцовак, куды можна «ўладкаваць» сваю расліну, – некалькі. Усё гэта – жытло энтузіястаў, якіх захапіла ідэя ратаваць гарадскія кветкі. Мы прывезлі кактус да мастачкі Кацярыны.

Валанцёрка «Бібліятэкі раслінаў» Кацярына Чэхава-Дасько адзначае:

«Гэтыя расліны, якія людзі перадаюць адзін аднаму, – яны больш здаровыя, больш моцныя, яны больш прыгожыя, таму што вырашчаныя для сябе, у іх няма такіх рэчываў, якія дадаюць у Галандыі, каб расліны былі больш прыгожыя на продаж».

Каб падзяліцца чаранкамі або збавіцца ад хворай кветкі, атрымаць кансультацыі ў даглядзе ці знайсці сваю кветку – у звязку з каронавірусам не абавязкова ехаць да валанцёраў. «Бібліятэка раслінаў» пашыраецца ў «Інстаграме». Дастаткова падпісацца на старонку ды адправіць фота свайго зялёнага гадаванца.

«Толькі што фота майго кактуса даслалі ў «Інстаграм» у сторыз Біблія.плант, дзе ён знойдзе свой новы дом».

Новых гаспадароў ужо знайшлі калатэя ды каралавая бягонія, якія туляцца на гаўбцы ў валанцёркі. Спацыфілуму ж прыйдзецца цяжка – менчукі часцей пазбаўляюцца ад гэтай кветкі. «Бібліятэка раслінаў» – гэта новая ініцыятыва больш сталага праекту – «Гарадской фермы Марыс Мар», са сваёй філасофіяй ды валанцёрамі, якія ставяць звышмэту.

Валанцёрка Марыя Грыц з «Гарадской фермы Марыс Мар» кажа:

«Вярнуць сувязь людзей з прыродай можна самым розным чынам. Ад хатніх раслінаў да таго, як можна паўплываць на азеляненне гораду. Распавесці людзям, якія расліны ёсць з імі побач, якія можна збіраць на гарбаты, якія можна вырошчваць удома, каб ачысціць паветра».

Удзельнікі фермы, да якіх далучаюцца і адмыслоўцы, вучаць правільна высаджваць дрэвы, даглядаць пчолаў, вырошчваць гародніну на гаўбцы кватэры, распавядаюць пра лекавыя расліны. Праз пандэмію Covid-19 абодва праекты – і «Гарадская ферма» і «Бібліятэка раслінаў» – сышлі ў «Інстаграм». Але гэта яшчэ больш пашырыла межы і дадало прыхільнікаў.

Таццяна Уласенка, «Белсат»