У Менску адбыўся шматлюдны Марш абураных беларусаў


Апошнім разам апазіцыйныя лідары здолелі сабраць столькі людзей хіба што толькі на леташні Чарнобыльскі шлях. Гэтым разам супраць гэтак званага падатку на дармаедства выйшла некалькі тысяч чалавек. Адзін з арганізатараў акцыі Мікола Статкевіч адразу паставіў уладам ультыматум.

«Калі ўлады не выканаюць нашыя патрабаванні, праз месяц мы збяромся ізноў і мы іх прымусім». – заявіў палітык.

Рэцэпт паспяховай вулічнай акцыі

Сацыяльныя патрабаванні і закон, супраць якога актывісты сабралі ўжо дзясяткі тысяч подпісаў па ўсёй краіне – вось відавочна, які рэцэпт поспеху вулічнай акцыі ў нашай краіне. Арганізатары далі ўладам трохі больш за месяц часу – да 25 сакавіка на тое, каб адмяніць закон аб дармаедстве.

Удзельнікі акцыі не шкадавалі моцных словаў на адрас падатку

Паводле апытаных намі людзей, уласна сам дэкрэт і сацыяльная несправядлівасць вывелі людзей на вуліцы, а не партыйныя сцягі і палітычныя патрабаванні.

Міліцыя ніяк не перашкаджала акцыі, ні калі пратэстоўцы крычалі сыходзь у адрас кіраўніка Беларусі, ні калі запальвалі фаеры цягам шэсця, ні нават калі публічна палілі гэтак званыя лісты шчасця на прыступках Міністэрства па падатках і зборах. Пры чым арганізатары нават не прасілі дазволу на правядзенне шэсця, а проста тыдзень таму паінфармавалі Менгарвыканкам пра намер правесці акцыю.

Самая паспяховая акцыя апазіцыі ажно з выбараў 2010 году

І яна магла бы стаць такой і для айчынных праваахоўнікаў. Аднак пад заканчэнне пратэсту людзі ў цывільным збілі актывістаў анархісцкага руху. Іх выцягнулі з аўтобусу, аднак пасля нядоўгай штурханіны, няёмкая спроба затрымання спынілася.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»