У Менску адбыўся Першы Усебеларускі з'езд абаронцаў жывёлаў


Францускія валанцёры з фонду мадам Брыжыт Бардо прапанавалі свае паслугі беларускім уладам. Яны гатовыя самі за свае грошы гуманна вырашаць праблему беспрытульных жывёлаў. Чыноўнікі ж адказалі, што ім патрэбныя толькі грошы, а яны самі разбяруцца куды іх накіраваць.

У Менску адбыўся Першы Усебеларускі з‘езд абаронцаў жывёлаў. Перад дэлегатамі выступілі ня толькі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Шмат папрокаў у свой адрас давялося пачуць дырэктару цэнтра часовага ўтрымання жывёлаў «Фаўна горада«.

Тамара Царыкоўская, дырэктарка «Фаўна горада»: «Месцы часовага ўтрымання жывёлаў праблему не вырашаць. Патрэбная сетка прытулкаў. Ёсць шмат людзей, якія гатовыя выдаткаваць на гэтае грошы. Трэба хаця б з гэтага пачаць».

У Беларусі дагэтуль няма адпаведнага закону аб абароне жывёлаў. Няма абавязковага чыпавання і стэрылізацыі тых, якіх не плануюць для племянной гадоўлі. Адсутнасць закону дазваляе ценявым прадпрымальнікам, напрыклад, у маленькай вясковай хаце ставіць па 150 клетак і нажывацца на продажы шчанюкоў. Адна такая «гаспадыня» у двары трымала на марозе з сотню бульдогаў. Абаронцы змаглі выкупіць восем сабак.

Кацярына Касцюкова, арганізацыя «Дабрата», Гомель: «Калі мы іх прывезлі, у мяне быў шок. Я думала, што ім гадоў па 5-6, а насамрэч год-два. У кожнай па тры кесаравых сячэнні. Калі б на той момант быў закон, то жывёлаў бы канфіскавалі, на гаспадыню быў бы накладзены штраф, а жывёлаў бы аддалі тым, хто б пра іх клапаціўся і любіў».

На Захадзе праблемаю заняліся яшчэ ў 70-ыя. Практыка сведчыць: калі не рабіць пагалоўнае чыпаванне жывёлаў, стэрылізацыю пародзістых тых, якіх гадуюць па-за пітомнікамі, сітуацыю не выратуюць ніякія сродкі. Будуць увесь час з’яўляцца падкідышы каля дамоў добрых людзей.

Вольга Маёрава, валанцёрка «Мы з табой у адным доме»: «Прапануюць нам стэрылізацыю жывёлаў па ўсёй Беларусі, дамкі, наладзіць навучанне валанцёраў і ветэрынараў. Рэакцыя была грандыёзная: няхай французы дзеляцца сродкамі, лекамі, а спецыялістаў іх нам ня трэба».

Дагэтуль няма вызначэння ў законе наконт таго, што можна лічыць жорсткім абыходжаннем ці нанясеннем калецтва. Судам цяжка ў такой сітуацыі вызначыць: пазбаўлення сну і ежы гэта здзек ці проста халатнасць. Дагэтуль нельга канфіскаваць у скуралупа няшчасную жывёлу. Яе можна толькі выкупіць праз суд.

Любоў Лунёва, «Белсат»