Аб'ектыў 07.04.2019 У Менску абралі кнігу з найлепшай вокладкай


У кароткі спіс увайшлі 10 кніг, а найлепшую з іх абрала журы. Пераможцам стаў Грыгорый Кацнельсон за дызайн вокладкі кнігі Рычарда Гавяліса «Віленскі покер». Але на цырымонію пераможца не прыйшоў, таму прэмію ўручылі Ігару Логвінаву, у выдавецтве якога з’явілася кніга-пераможца.

Ігар Логвінаў, выдавецтва «Логвінаў»: «Сама ідэя афармлення гэтай кніжкі таксама ў шмат чым належыць Паўліне (Паўліна Вітушчанка – перакладчыца кнігі «Віленскі покер», рэд.). Гэта яна звязалася з Грыгорыем, яны зрабілі вельмі шмат эскізаў, яны тут прадстаўленыя на выставе. Вельмі доўга працавалі, і ўрэшце яны абралі гэты варыянт».

Пераможцу прэміі Анемпадыстава вызначАлі вядомыя пісьменнікі ды мастакі Артур Клінаў, Адам Глобус, Антаніна Слабодчыкава, Васіліса Паляніна, літаратарка Вольга Бабкова, дызайнеры Уладзімір Цэслер, Алена Дашкевіч і Юрый Тарэеў.

Адам Глобус, пісьменнік, сябра журы: «Яна вельмі такая свежая для нашай даволі шэрай беларускай рэчаіснасці. Вокладка і свежая і актуальная, і яна зрабіла нашую прэмію міжнароднай».

Прэмія Міхала Анемпадыстава, творцы, які летась заўчасна пайшоў з жыцця, заснаваная сёлета Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Беларускім саюзам дызайнераў і «Лятучым універсітэтам». Генеральным партнёрам выступіў тэлеканал «Белсат».

Сёлета Міхалу Анемпадыставу споўнілася б 55 гадоў. Днямі ў Цэнтры сучаснага мастацтва адкрылася выстава, прысвечаная ягонай апошняй кнізе «Колер Беларусі».

Любоў Гаўрылюк, куратарка выставы «Колер Беларусі»: «Складана сказаць, што вы не адчуваеце паверхню каменю, як адчуваў Міхал, ці паверхню дрэва. Вось паглядзіце на гэтыя кошыкі, напрыклад, на гэтыя сцены. Гэта адчуванне, гэта кніга-перажыванне ў вядомым свеце. Гэта важна, і з гледзішча глабалізму, нашая агульная рыса».

Міхал Анемпадыстаў быў сапраўды ўнікальным чалавекам са шматлікімі талентамі: дызайнер, графік, фатограф, паэт, перакладчык і публіцыст, ён быў адным з актыўных стваральнікаў беларускай рок-паэзіі 90-х гадоў. А таксама аўтарам ідэі і тэкстаў музычнага праекту «Народны альбом».

Марыя Арцыбашава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары