У менскім доме з расколінай знаходзяць новыя шчыліны. Жыхары пераязджаюць да сваякоў


Наста Кахановіч вывучае расколіну ў доме па вуліцы Шырокая, 3 у Менску. Фота – «Белсат»

2 траўня ўласнікі кватэраў у шматпавярховіку на вуліцы Шырокая, 3 у Менску заўважылі ў доме расколіну яшчэ на адной апорнай канструкцыі ды самі выклікалі ратаўнікоў. Чаму хуткага развязання праблемы людзям не абяцаюць і як жыць у памяшканні, баючыся абвалу – Наста Кахановіч.

У мінулую пятніцу жыхароў дому на вуліцы Шырокай эвакуявалі на некалькі гадзінаў. Пасля гэтага жыхары дому затурбаваліся за астатнія калоны і пачалі ўважліва абследаваць дом – і знайшлі расколіны ў іншай калоне. Яны выклікалі ратаўнікоў, але тыя з’ехалі, а прадстаўнікі адміністрацыі паабяцалі, што ўсе кватэры і тэхнічныя памяшканні абследуюць адмыслоўцы.

«Паніка заўчасная, калона стабільная», – гэтак пракаментавала сітуацыю намесніца кіраўніка Адміністрацыі Савецкага раёну Ала Санкоўская.

Рэпартаж Насты Кахановіч з трэснутага дому глядзіце ў поўным выданні навінаў за 2 мая:

Шмат хто з жыхароў да такіх словаў ставіцца з недаверам.

«У адным пад’едзе, потым у другім пад’ездзе адбылося гэта. Мы прынялі рашэнне, што на сённяшні дзень мы дзіця бабулі перадаем, і самі, у прынцыпе, таксама плануем пераязджаць, пакуль часова жыць, пакуль не высветліцца і не будуць ясныя прычыны таго, што адбылося», – кажа Аляксандр Малахоўскі, жыхар дому №3 па вул. Шырокая.

Жыхарка гэтага ж дому Ірына Аўтушка нядаўна пачала заўважаць расколіны па ўсім пад’ездзе.

«Мяне турбуе вось гэтая расколіна, яна ідзе наскрозь», – паказвае Ірына шчыліны над сваёй кватэрай.

Але шчыліны ў кватэры жанчыну турбуюць значна менш за расколіну ў другой апорнай канструкцыі.

«Мне хацелася б ведаць прычыну з’яўлення і хацелася б, каб былі прынятыя меры іх ліквідацыі», – кажа Ірына.

Праблемы з адной з апорных канструкцыяў з’явіліся яшчэ летась. Але рамонтныя працы пачаліся толькі тыдзень таму. Цяпер жа праблемныя – прынамсі дзве апорныя канструкцыі. І гэта можа мець небяспечныя наступствы.

«Агулам будынкі лічацца на прагрэсіўнае абрушэнне, то бок прыбіраецца адна з апорных канструкцыяў, і перакрыцці павінны завіснуць і размеркаваць моц на ўсе астатнія канструкцыі. Але зразумела, што наступствы могуць быць: недзе сцяна можа абваліцца і перакрыцці прагнуцца», – кажа інжынер-канструктар Уладзіслаў Скварнік.

Камунальнікі ды прадстаўнікі адміністрацыі пакуль не патлумачылі жыхарам прычынаў сітуацыі. У бліжэйшыя дні адмыслоўцы пачнуць праводзіць тэхнічную экспертызу. Яе вынікі будуць не раней як праз месяц.

Наста Кахановіч, «Белсат»