У менскай Лошыцы знішчаюць рэдкія дрэвы і кусты


Унікальную калекцыю побач з Лошыцкім паркам заклалі супрацоўнікі Акадэміі навук 40 год таму. Каштоўны зялёны гай ссеклі дзеля будаўніцтва шматпавярховікаў. Эколагі называюць гэты факт недапушчальнай шкодай навакольнаму асяроддзю.

Яшчэ некалькі дзён таму на гэтым месцы расла алея з каштоўных гатункаў дрэваў. Сёння на месцы ўнікальнага зялёнага гаю – толькі ягоныя парэшткі.

Толькі алея маньчжурскага арэху раней цягнулася дзвесце метраў і налічвала каля 90 дрэваў. А яшчэ тут раслі дзясяткі гатункаў фундуку, чарэшні, рабіны і 250 гатункаў бэзу. Напрыканцы 70-х гадавальнік заклалі працаўнікі Навукова-даследчага інстытуту пладаводства, агародніцтва і бульбы Акадэміі навук. Сярод іх была Ніна Манько:

«Мы з усяго Савецкага Саюзу збіралі пасадачны матэрыял. Для чаго? Для азелянення ўсёй нашай Беларусі. Прыязджалі калгасы, саўгасы, мы гэта разводзілі і кожнаму давалі і рабіны, і бэз – увесь пасадачны матэрыял».

Навукоўцы спадзяваліся, што іхная ініцыятыва займее працяг. Але гектары дрэваў і кустоў ссеклі, да таго ж у час гнездавання птушак, што забаронена заканадаўствам. Усе гэтыя факты – падстава звярнуцца ў праваахоўныя органы, абураны мянчук, грамадскі актывіст Віктар Барташэвіч:

«Бандзюганы, якія ўсё гэта ўчынілі, яны наплявалі і на Канстытуцыю, і на ўсё. А людзі, якія будуць тут жыць, яны будуць дыхаць выкідамі газаў. І страты – каласальныя. Калі б гэта былі таполі ды ліпы – таксама было б шкада. А тут – проста ўнікальнае было месца».

У «Зеленбудзе» Ленінскага раёну паведамляюць, што каштоўная расліннасць высечаная пад будаўнічую пляцоўку чарговага жылога кварталу Лошыца-8.

«Высвятляецца, наколькі гэта ўсё законна. Але, я думаю, што ўсё законна, бо сёння такіх фактаў, як незаконныя высечкі… ну, ніхто не рызыкне», – паведаміў дырэктар «Зеленбуду» Ленінскага раёну Міхаіл Папоў.

Як кажа наш суразмоўца, знішчаныя дрэвы і кусты маюць здольнасць аднаўляцца. Але дзеля гэтага неабходныя адмысловыя ўмовы.

«Манчжурскі арэх можа аднавіцца – пойдуць новыя парасткі, і алея адновіцца. Для гэтага трэба яе захаваць», – кажа Віктар Барташэвіч.

З заяваю аб незаконнай высечцы каштоўных гатункаў дрэваў Віктар Барташэвіч звярнуўся ў праваахоўныя органы.

Галіна Абакунчык, belsat.eu