Аб'ектыў 22.01.2019 У Маскве вызвалілі беларуску Насту Рыбку


У Маскве з-пад арышту пад патрабаванне аб яўцы вызвалілі беларуску Настассю Вашукевіч. Гэта значыць, што яна можа нават з‘ехаць з Расеі, але на першае патрабаванне мусіць з’явіцца ў суд.

Афіцыйна Вашукевіч і ейнага знаёмага Аляксандра Кірылава, ён жа секс-трэнер Алекс Леслі, вінавацяць у заахвочванні заняткамі прастытуцыі па заяве Сашы Траўкі. Але ні Вашукевіч, ні Кірылаў сваёй віны не прызнаюць.

«Саша Траўка (Аляксандра Давыдава) называе сябе «добраахвотнаю наложніцаю». Нарадзілася 14 лютага 1994 года. Як мінімум з 2016 года звязаная з фігурантам крымінальных справаў Алексам Леслі з Віцебску. У верасні 2017 года была арыштаваная на 7 содняў у Маскве за заняткі сексам з мінаком у публічным месцы» – крыніца wikicompromat.org.

Шырокая публіка даведалася пра Настассю Вашукевіч пасля расследавання Аляксея Навальнага. Стала вядома, што менавіта Наста Рыбка ў якасці эскорт-мадэлі бавіла час на яхце з віцэ-міністрам Расеі Сяргеем Прыходзькам і расейскім алігархам Алегам Дзерыпаскам. Дзякуючы відэазапісу Вашукевіч Навальны даказаў, што Дзерыпаска падкупляў Прыходзьку.

«Алігарх катае на ўласнай яхце чыноўніка найвышэйшага рангу. Гэта хабар. Алігарх забяспечвае ўсё гэтае свята, у тым ліку дзяўчат з эскорт-агенцтваў. Гэта, не паверыце, таксама хабар», – са слоў Аляксея Навальнага, кіраўніка ФБК.

Хутка пасля гэтай падзеі Вашукевіч і Кірылаў былі арыштаваныя ў Тайландзе за арганізацыю нелегальнага секс-трэнінгу. 15-га студзеня гэтага года па рашэнні мясцовага суда яны атрымалі ўмоўныя тэрміны і былі дэпартаваныя з краіны. 17-га студзеня іх затрымалі ў маскоўскім аэрапорце «Шарамецьева».

МЗС Беларусі на затрыманне сваёй грамадзянкі ніяк не адрэагаваў, у мясцовай прэсе праскочыла толькі сціплае: «Мы ў працоўным кантакце з расейскім бокам». Толькі на шосты дзень пасля затрымання прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант патлумачыла пазіцыю кіраўніка Беларусі:

«Безумоўна, кіраўнік краіны ў курсе гэтай сітуацыі, пра яе шмат пішуць у СМІ. Больш за тое, прэзідэнт Беларусі даў даручэнне неадкладна заняцца вызваленнем грамадзянкі Беларусі», – крыніца www.kp.by.

Пазіцыю беларускага МЗС можна патлумачыць толькі нежаданнем умешвацца ў справы расейскіх алігархаў. Бо тое, што «справа Насці Рыбкі» і ейны пераслед цалкам зарганізаваныя Алегам Дзерыпаскам, даказаў Аляксей Навальны ў новым расследаванні.

На аўдыязапісе дарадца Алега Дзерыпаскі, сябра савету дырэктараў кампаніі «Базовый элемент» Георгій Аганаў, просіць нейкага замежнага юрыста Вільяма, каб той прыклаў максімум намаганняў, каб закрыць у турме Вашукевіч і Кірылава ў Тайландзе, нягледзячы на тое, што паводле закону ім пагражае толькі штраф.

«Магчыма вы, канечне, і сувора «павучыце» Рыбку ў следчым ізалятары ці нават заморыце яе да смерці, але і для вас гэта нічым добрым не скончыцца. Абсалютна дакладна», – звярнуўся Аляксей Навальны да Дзерыпаскі і Прыходзькі.

Ігар Віняўскі, Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары