У Маскве пасля дазволенага мітынгу затрымалі сотні чалавек


Пасля мітынгу з патрабаваннем сумленных выбараў у Маскве АМАП затрымаў і сотні чалавек. Сённяшнюю акцыю ў цэнтры гораду маскоўскія ўлады дазволілі, але прайсці да адміністрацыі прэзідэнта грамадзянам паліцыянты не далі.

Нягледзячы на дождж на мітынгу «Вернём себе право на выборы», сабралася каля 50 тысячаў чалавек. Гэта ўжо пятая акцыя пратэсту за месяц.

Дапусціць да выбараў у Маскоўскую гарадскую думу 57 прадстаўнікоў апазіцыі, якіх улады адмовіліся рэгістраваць – асноўнае, але не адзінае патрабаванне.

«Свабоду палітвязням!», – скандавалі пратэстоўцы.

Грамадзяне патрабавалі вызваліць з СІЗА 13 удзельнікаў папярэдніх акцыяў пратэстаў, якіх улады абвінавачваюць у «датычнасці масавых закалотаў».

«Хто-небудзь бачыць навокал страляніну? Узброенае паўстанне? Таму справа пра масавыя закалоты цалкам сфабрыкаваная!», – пытае іншы.

Прыйсці на праспект Сахарава заклікалі тэлевядоўца Леанід Парфёнаў, рэпер «FACE», блогер Юры Дудзь і яшчэ дзясятак вядомых журналістаў, артыстаў і блогераў (сумарная колькасць падпісантаў апошніх у сацсетках – 34 мільёны).

«Я выступаю тут дзеля таго сёння, каб у майго народу была свабода і было права выбару!», – заявіў са сцэны рэпер «FACE».

«Занадта шмат хлусні і занадта шмат гвалту. І гэта ўсё ўжо неяк зашкальвае!», – заявіў журналіст Леанід Парфёнаў.

Спыніць рэпрэсіі ды правесці свабодныя выбары патрабавалі прадстаўнікі розных пакаленняў:

«Тое, што адбываецца цяпер, выходзіць за ўсе рамкі! Таму мы прыйшлі ўсе падтрымаць незалежных дэпутатаў, падтрымаць усіх затрыманых».

«Я большую частку свайго жыцця жыву пры Пуціне, і мяне гэта не задавальняе. Я лічу, што ўлада павінная мяняцца».

«Цяпер мы можам толькі масай тых, хто прыйшоў, паказаць, колькі ёсць неабыякавых!».

Барыса Залатарэўскага, кіраўніка перадвыбарчага штабу незарэгістраванага кандыдата Івана Жданава, АМАПаўцы затрымалі проста каля сцэны – за заклік выйсці пратэставаць да адміністрацыі прэзідэнта.

Былі і прэвентыўныя затрыманні.

«Я не баюся, здавацца не збіраюся, прашу забяспечыць мне адваката! Я буду далей весці сваю палітычную дзейнасць!«, – сказала Любоў Собаль з Фонду барацьбы з карупцыяй.

У Пецярбургу, на не санкцыянаванай уладамі акцыі салідарнасці з масквічамі, паліцыя затрымала 80 чалавек.

Мітынгі «За сумленныя выбары» адбыліся яшчэ ў васьмі расейскіх гарадах.

Арганізатары маскоўскага мітынгу заяўляюць, што будуць ладзіць акцыі да восьмага верасня – дня выбараў у Маскоўскую гарадскую думу.

Аляксандр Папко/«Белсат», фота – Sergei Savostyanov/TASS/Forum