У Маскве будуць судзіць паліцыянта, які мог падкінуць наркотыкі


Злачынства, калі падазраваным падкідваюць наркотыкі, даказаць складана, але магчыма. Заўтра ў Расеі адбудзецца рэдкі выпадак, калі прадстаўнік праваахоўных органаў стане перад судом.

Беззаконне сілавікоў часам б’е бумерангам у іх самых. Заўтра ў Маскве будуць судзіць участковага паліцыянта Канстанціна Д., якога падазраюць у падкіданні наркотыкаў для фабрыкацыі крымінальнай справы.

«Трапляецца добры якасны адвакат, які кажа: тут правакацыя, або тут не было падставаў для вядзення аператыўна-пошукавых захадаў», – распавядае Аляксей Фядзяраў з юрыдычнай службы фонду «Русь сидящая».

Тым не менш, выпадкаў, калі сфабрыкаваныя расейскімі сілавікамі наркатычныя справы развальваюцца, менш за 10 адсоткаў, працягвае эксперт. Найбольш рэзанансны быў сёлета ў чэрвені з журналістам Іванам Галуновым. У выніку акцыяў салідарнасці з Івана Галунова знялі абвінавачанні.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Паліцыянтаў, якія вялі справу журналіста і нібыта знайшлі наркотыкі ў ягонай кватэры, звольнілі. Адправілі ў адстаўку і паліцэйскіх генералаў. Цяпер працягваецца следства, гэтым разам супраць паліцыянтаў.

Выпадкі, калі ёсць прыкметы падкідання наркотыкаў сілавікамі, распаўсюджаныя і ў Беларусі, кажа былы следчы Алег Волчак, кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву»:

«Практычна ў кожнай справе, якая ў нас праходзіць, родзічы звяртаюцца да нас і скардзяцца на аператыўных працаўнікоў і на следчых, якія збіраюць гэтыя матэрыялы першыя два-тры дні. І, вядома, гавораць пра тое, што ёсць падазрэнні, мы будзем так гаварыць, на пэўных асобаў, што дадзеныя наркотыкі падкідваліся».

Але прыцягнуць імаверных фальсіфікатараў да адказнасці ў Беларусі, як і ў Расеі, не проста.

«У асноўным усе гэтыя справы прыкрываюцца, бо некаму служыць, калі ўсіх пачнуць звальняць», – мяркуе Алег Волчак.

Надзвычай рэзанансная сітуацыя мела месца ў 2006 годзе, калі ў аўтамабілі, у якім старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс вярталася з Вільні, пасля 8-гадзіннага ператрусу знайшлі невядомую субстанцыю.

«Людзі распавядаюць, якія працавалі тады на мяжы ў Прывалцы, што вось адныя падкінулі ў машыну, іншыя не ведалі, дзе гэта. Таму нас так доўга трымалі і шукалі», – узгадвае Анджэліка Борыс.

Справа дагэтуль застаецца ў падвешаным стане. Анджэліка Борыс перакананая: гэта было нішто іншае, як правакацыя спецслужбаў.

«Зрэагаваў урад Польшчы, якому я вельмі ўдзячная, урад «Права і Справядлівасці», прэмʼерам тады быў Ярослаў Качыньскі, і вельмі вострая рэакцыя была, таму я і мае калегі на сённяшні дзень на свабодзе», – кажа Анджэліка Борыс.

А 21 лістапада на беларуска-польскай мяжы, на выездзе з Беларусі, нібыта за наяўнасць 0,87 грама марыхуаны затрымалі журналіста Уладзіміра Чудзянцова. Ёсць меркаванне, што і ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра падкідванне наркотыкаў. І нават ёсць падазрэнне, хто канкрэтна мог гэта зрабіць, кажа блогер NEXTA Сцяпан Святлоў:

«Спадзяюся, што адвакат гэтую справу працягне, і гэтая асоба будзе як мінімум адказваць за свае дзеянні ці хаця б тлумачыцца. Гэта адзін з супрацоўнікаў берасцейскае мытні, прозвішча пачынаецца на Ш».

Сцяпан Святлоў зазначае: справа мае палітычны характар, бо Уладзімір Чудзянцоў спрычыніўся да стварэння ягонага нашумелага фільму «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы».

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Фота: Sergei Fadeichev / TASS / Forum