У Маскве адзначылі пятую гадавіну пратэстаў на Балотнай плошчы

Сёння пятая гадавіна пратэстаў на Балотнай плошчы ў Маскве. Той мітынг стаўся пераломны ў палітычным жыцці нашых усходніх суседзяў.

Быў брутальны разгон, а пазней закручванне гаек і наступствы для дзясяткаў актывістаў. Але барацьба за свабоду не спыняецца. Тысячы расейцаў – ізноў на акцыі. Узгадвалі падзеі пяцігадовае даўніны ды нязменна пратэставалі супраць нязменнае ўлады.

Упершыню, са словаў арганізатараў мітынгу на праспекце Сахарава ў Маскве, ім давялося выступаць на пустой сцэне. Перад пачаткам акцыі ў пятую гадавіну Балотнай паліцыя прыбрала адмысловы заднік з надпісам «Хопіць Пуціна, хопіць цемрашальства, хопіць вайны, хлусні і Кадырава».

«Нейкаму чалавеку ў цывільным, які не палічыў неабходным прадставіцца, падалося, што гэтыя заклікі і лозунгі не адпавядаюць тэматыцы нашага мерапрыемства», – распавёў Аляксандр Рыклін, адзін з арганізатараў мітынгу.

Не зважаючы на нязгоду і перамовы з мэрыяй, мітынг працягнулі без банера. Паводле паліцыі, удзел у акцыі ўзялі прыблізна тысяча чалавек, арганізатары ж кажуць пра 10 тысячаў. Валанцёры з некамерцыйнай арганізацыі «Белый счётчик» налічылі амаль 3 тысячы чалавек.

«Мне не падабаецца гэтая аўтарытарная ўлада, гэта натуральна», – кажа жанчына сталага веку, якая выйшла на акцыю.

У гэты дзень 5 гадоў таму адбыўся адзін з самых жорсткіх разгонаў пратэстоўцаў у гісторыі сучаснае Расеі. Дазволеная акцыя, якая праходзіла напярэдадні інаўгурацыі прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, перарасла ў масавыя закалоты і затрыманні. Фігурантамі заведзенай пазней крымінальнай справы сталіся дзясяткі чалавек, шмат хто з удзельнікаў атрымаў і адседзеў турэмныя тэрміны. Сілавы шлях, абраны ўладамі, апазіцыя называе фатальнаю пастановаю.

«Краіна ў міжнароднай ізаляцыі. Краіну ахапіў найглыбейшы крызіс, сістэмны крызіс. Краіна на дадзены момант уцягваецца то адзін, то ў другі ўзброены канфлікт», – заявіў са сцэны былы дэпутат і адзін з арганізатараў сённяшняга мітынгу Генадзь Гудкоў.

Удзельнікі пратэставай акцыі падкрэслілі, што не толькі ўзгадваюць падзеі пяцігадовае даўніны. Бо, паводле іх, сітуацыя з правамі чалавека ў Расеі толькі пагаршаецца. Сённяшні мітынг прайшоў пад лозунгам «За Расею супраць самачынства і рэпрэсіяў».

«Вось толькі што, 26 сакавіка, была такая ж мірная акцыя як 5 гадоў таму, хадзілі па Цвярской і ў выніку, што мы атрымалі? Атрымалі больш за тысячу затрыманых і крымінальную справу, якая па сваіх маштабах напэўна пераўзыйдзе балотную гісторыю», – адзначыў Аляксандр Рыклін.

На гэты момант у СІЗА ў Маскве за нібыта напад на сілавікоў змешчаныя чатыры асобы, супраць іх вядуцца крымінальныя справы.

Сімвалам салідарнасці і павагі да палітзняволеных на сённяшнім мітынгу сталіся белыя стужкі.

Глядзіце таксама:

Таццяна Рэут, belsat.eu

Глядзі таксама