Як адбываўся масавы пратэст у Маладзечна


На цэнтральную плошчу Маладзечна пратэставаць супраць дэкрэту аб сацыяльным утрыманстве выйшлі каля тысячы мясцовых жыхароў. Яшчэ напярэдадні мясцовыя ўлады перакрылі плошчу на рамонт, але ў выніку агароджу прыбралі.

Да акцыі ў Маладзечне далучыліся палітыкі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч. Паводле палітыкаў, пасля заяваў кіраўніка краіны аб прыпыненні выплаты падатку на дармаедства на адзін год акцыя стала тэстам на далейшую вулічную актыўнасць.

«Гэта вельмі важна, наколькі людзі прыйшлі сюды, бо калі б не прыйшлі, гэта азначала, што тая костка якую кінулі са стала іх задавальняе», – зазначыў Анатоль Лябедзька.

«Сёння спынялі нас даішнікі, але пасля праверкі дакументаў адпускалі, міліцыянты стаялі са спісамі машын і спынялі машыны з менскімі нумарамі», – дадаў Віталь Рымашэўскі.

Да акцыі далучыўся старшыня мясцовага райвыканкаму Аляксандр Яхнавец

Спадар Яхнавец папярэдзіў аб адміністратыўнай адказнасці ўдзельнікаў акцыі ды запрасіў прайсці на сустрэчу з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у выканкам. Жыхары Маладзечна запрашэнне праігнаравалі ды праводзілі яго выгукамі «Ганьба!».

Паводле мясцовых жыхароў, у стотысячным Маладзечне вялікая праблема з працаўладкаваннем, частка жыхароў вымушаная ездзіць на працу ў сталіцу. Апроч поўнай адмены дэкрэту № 3 мітынгоўцы патрабавалі свабодных выбараў у краіне. Пасля мітынгу з цэнтральнай плошчы калона, якая, паводле розных ацэнак, налічвала ад 500 да 1000 чалавек, рушыла ў бок падатковай інспекцыі.

«Я прыйшла дзеля салідарнасці, дзеля моладзі. Хочацца, каб дзеці, унукі жылі інакш», – сказала жыхарка Маладзечна.

Акцыі супраць дэкрэту № 3 доўжацца амаль месяц і сталі самымі масавымі народнымі хваляваннямі за апошнія сем гадоў. Нягледзячы на планы ўладаў падкарэктаваць дэкрэт аб сацыяльным утрыманстве, арганізатары пратэстаў не плануюць адмаўляцца ад далейшых акцыяў. Ужо назаўтра запланаваны мітынг у Пінску, у нядзелю – Бабруйск, Ворша, Рагачоў. Акцыі ў сталіцы чакаюцца ў Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка, а таксама на Дзень Волі, 25 сакавіка.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: TUT.BY