У Магілёве зладзілі фрымаркет – бясплатны кірмаш


Вам не трэба – аддайце іншаму. Паводле такога прынцыпу ў Магілёве прайшоў фрымаркет, то бок бясплатны кірмаш, дзе рэчам давалі другое жыццё. За тры гадзіны імпрэзу наведалі каля трох соцень чалавек.

«Я насіла ў царкву непатрэбныя рэчы, але гэта далекавата, тут я жыву паблізу, і мне здаецца, што гэта зручна».

«У кожнага чалавека ёсць шмат непатрэбных рэчаў, яны назапашваюцца, ляжаць, нават адзенне. Муж крычыць на мяне: «У цябе ўсё бітком набіта, а табе мала, мала». Вось і трэба перабраць і прынесці».

«Людзі змогуць знайсці тое, чаго яны не змогуць набыць. Напэўна, сюды могуць прынесці нейкую рэч, якай няма на прылаўках крамы» – пракаментавалі наведнікі кірмашу.

Фрымаркет зладзілі актывісты Цэнтру гарадскіх ініцыятываў супольна з кнігарняю «Чытайбург», якая прапанавала памяшканне. Прыносіць можна было любыя прыдатныя для далейшага выкарыстання рэчы. Асноўную ідэю маркету патлумачыла актывістка ЦГІ Дар’я Паўчына:

«Далёка не ўсе рэчы праходзяць перапрацоўку і, калі мы іх выкідаем, яны проста забруджваюць нашую планету. Мы хочам паказаць людзям, што іх можна выкарыстоўваць другі раз ці падарыць тым людзям, каму яны сапраўды патрэбныя».

На фрымаркеце працавала адразу некалькі зонаў: кніжная палічка; ІТ-зона, куды трапляла ўся тэхніка; творчая зона, дзе старыя рэчы пераўтвараліся ў новыя аб’екты мастацтва; і самай маштабнай стала зона «Буцік», у якой былі рэпрэзентаваныя ўсе магчымыя прадметы гардэробу. Валанцёрка фрымаркету Валерыя распавяла, што незвычайнага ёй здавалі на сартыроўку:

«У нас ёсць тры аднолькавыя сукенкі, але прынеслі іх розныя людзі. Прыносілі вінілавыя кружэлкі, прыйшла жанчына, і па колькасці тканіны ў яе пакеце было зразумела, што яна швачка, яна ўжо два разы прыходзіла, яна прыносіла строі, прыносіла кнігі і зараз пайшла па вопратку».

І ўсё ж такі большую цікаваць наведнікі праявілі не да адзення, а да кніжнай прадукцыі. Экзэмпляры, якія ставілі на палічку, знаходзілі новага гаспадара ўжо праз некалькі хвілінаў. Наведнікі распавялі, якія рэчы яны забіраюць з фрымаркету:

«Я вось узяла, напрыклад, падручнікі па ангельскай мове, што вельмі карысна. Збіралася набываць, але аказалася, што не трэба».

«Кніжкі, буду вучыць ангельскую, пачытаю Гумілёва і пра Фаіну Ранеўскую, мне вельмі цікавы яе лёс».

«Дыск для дзіцяці, кот удома ў нас – для ката, і дзяўчынцы кніжкі пра бісер».

Рэчы, якія не забралі на фрымаркеце, арганізатары перададуць у сацыяльныя ўстановы гораду: Чырвоны Крыж, Фонд міласэрнасці і здароўя, у дзіцячы псіхіятрычны шпіталь. Акцыю будуць паўтараць, бо першая выразна паказала, што яна ў Магілёве запатрабаваная.

Вольга Васільева, belsat.eu