У Магілёве ўлады «выціснулі» раварыстаў з пешаходнай вуліцы


Раварыстам няма месца нідзе. У Беларусі агулам забаронена рухацца на ровары па дарозе, калі побач ёсць ходнік. А ў Магілёве цяпер нельга ехаць і па ходніку ў цэнтры гораду. Дык што ж рабіць?

Мясцовыя раварысты патрабуюць адмяніць забароны.

Больш забароненага ў Магілёве: пешаходнаю вуліцай Ленінскай цяпер нельга перасоўвацца на ровары. Тут з’явіліся забараняльныя дарожныя знакі.

Ідэю пасунуць раварыстаў з гістарычнага цэнтру Магілёва ўхваліла гарадская камісія ў пытаннях бяспекі дарожнага руху. Галоўнаю падставаю для забароны стала непаразуменне паміж пешаходамі ды раварыстамі.

«Вось літаральна цяпер перада мной праехаў вось гэты, ён мяне ледзь не збіў», – кажа жыхарка гораду.

Іншая абураецца:

«Іншы раз ідзеш – страх, вось разумееце. Дзеці малыя ідуць, гэта ўвогуле невыносна!»

ДАІ Магілёва на гэты момант не падае зводкі дарожна-транспартавых здарэнняў, якія адбыліся на Ленінскай з удзелам раварыстаў. Затое ігнаруе пункт Правілаў дарожнага руху 2.48, які кажа, што ў пешаходнай зоне ажыццяўляецца рух як пешаходаў, гэтак і раварыстаў.

Раварысты ж выступаюць супраць забароны.

«Не было ніводнага наезду на пешахода. Ну як сказаць: раварыст заўжды аб’едзе пешахода», – кажа адзін з аматараў двухколавага транспарту.

Іншы тлумачыць, чаму не трэба было ўводзіць забарону:

«Ленінская – адзіная вуліца для бяспечнага руху раварыстаў і пераходаў, ну як бы самая спакойная вуліца».

Нехта і ўвогуле не верыць, што забарона нешта зменіць.

На сайце «Зручны горад» ужо з’явілася петыцыя за тое, каб аднавілі дазвол перасоўвацца на ровары па Ленінскай. Сабраныя подпісы пойдуць у аблвыканкам. У якасці развязання праблемы аўтар петыцыі прапаноўвае павышаць культуру перасоўвання на ровары, а таксама спрыяць развіццю велаінфраструктуры ў горадзе.

«Я настойліва рэкамендаваў бы ў бліжэйшы час прыняць канцэпцыю развіцця роварнага руху. Канцэпцыя, прынятая нашай арганізацыяй, дазваляе пашырыць магчымасці раварыстаў, і, што немалаважна, не ў шкоду пешаходам», – кажа Мікіта Раманоўскі з «Цэнтру гарадскіх ініцыятываў».

Раней раварыстаў у Беларусі штрафавалі за рух па праезджай частцы, цяпер пачнуць штрафаваць і за рух па ходніках. У адпаведнасці з артыкулам 18.23 КоАП парушэнне Правілаў дарожнага руху раварыстам караецца папярэджаннем ці штрафам ад адной да трох базавых велічыняў.

Аліна Скрабунова, belsat.eu