Аб'ектыў 25.08.2018 У Магілёве суботнікі – кожны тыдзень


У кастрычніку ў горадзе пройдзе форум Беларусі і Расеі, які наведаюць кіраўнікі абедзвюх дзяржаваў. Магілёўцаў, якія цяпер рыхтуюць горад да гэтай сустрэчы, чакаюць чатыры суботнікі запар.

Гэткім чынам гарадскія ўлады спадзяюцца паспець падрыхтаваць горад да кастрычніцкага форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Падзея магла б быць шараговай, калі б Аляксандр Лукашэнка ў красавіку не запрасіў Уладзіміра Пуціна наведаць гэтую сустрэчу. Выглядае на тое, што магілёўскае чынавенства толькі цяпер згадала пра высокую імпрэзу.

«Улады, маніпулюючы словамі, тлумачыць гэта тым, маўляў, «канечне, мы гэта робім да форуму Беларусі і Расеі, але ж гэта ўсё застанецца і для людзей». Але першапачаткова гэта ж робяць да прыезду нейкіх гасцей. Замест таго, каб гэтым займацца ўвесь час, гэта робіцца да нагоды», – кажа старшыня магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў.

Пяты форум беларускіх і расейскіх рэгіёнаў пройдзе 11–12 кастрычніка. Маршрут, якім могуць праехаць высокія госці, збольшага вядомы. Таму і суботнія дармовыя працы вядуцца ля ўезду ў Магілёў з боку Менскай шашы і вуліцы Якубоўскага – там паклалі свежы асфальт, перакладаюць старую плітку на ходніках, фарбуюць платы і перакрываюць стрэхі. Апытаныя намі магілёўцы да дармовай працы ставяцца неадназначна – нехта падтрымлівае, нехта ставіцца рэзка негатыўна.

«Агулам суботнікі – неблагая ідэя, але яны не павінныя быць прымусовымі, хутчэй гэта мусіць быць ініцыятыва самых людзей, яны самыя мусяць быць зацікаўленыя», – падсумаваў адзін з жыхароў гораду.

Суботнікі ў нашай краіне – справа не новая. Штовясну кіраўнік краіны разам з чынавенствам настойліва заклікаюць грамадзянаў адзін дзень папрацаваць бясплатна. Аднак серыя з чатырох суботнікаў запар, якую абвесціў старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Уладзімір Цумараў, – бясспрэчны рэкорд, нават для звыклай да гэтай традыцыі Беларусі.

«Я быў дэпутатам Магілёўскага абласнога савету з 1990 па 1997 год. І я проста ведаю, што дэпутаты адправілі б мэра гораду за такое ў адстаўку неадкладна, як толькі б даведаліся пра такія фокусы», – кажа старшыня магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў.

Пакуль што прымушаюць самых камунальнікаў і працаўнікоў дарожных службаў. Шмат хто з магілёўцаў нават і не чуў пра серыю суботнікаў і не ведае, чаму менавіта ў суботу на вуліцы рушылі сотні працаўнікоў камунальных службаў і будаўнікоў. Асаблівую ўвагу надаюць парку ў Падніколлі і вуліцы Якубоўскага. Яшчэ два гады таму Лукашэнка загадаў навесці ў гэтых месцах, цытата, «лоск і гармонію».

Усевалад Шлыкаў; фота – Кірыл Кухмар/TASS

Глядзі таксама
Каментары