У Магілёве стварылі абстрактны дом


На вуліцы Лазарэнкі ў Магілёве сярод шэрых і бледных хрушчовак цяпер стаіць абстрактны дом. Хоць фарбаваць яшчэ не закончылі, у жыхароў ужо склалася ўражанне.

Вось, што яны кажуць:

«Гэта моладзь, ім там авангард нейкі патрэбны, а ў нас – жудасна! Мы званілі, мы прасілі – нічога не змянілі. Болей за тое, адкосы мае, дзе балконныя дзверы, пафарбавалі ў жоўты і сіні колер, ядавіта сіні – брыдка».

«Ой, зусім не падабаецца. Вось з таго боку, калі вы пацікавіцеся, зрабілі чорным пакой, там не хапае толькі надпісу

«Прымаю замовы на труны».

«Ну, вы разумееце, мы прызвычаіліся ў шэрасці гэтай, а дом вясёлы. Мне падабаецца, адразу было неяк не так, а зараз ужо лепш».

Як мы высветлілі, пры дапамозе яркіх колераў праектавальнікі капітальнага рамонту хацелі разбавіць аднастайнасць. І цяпер ужо наўрад ці будуць нешта мяняць. «З жыхарамі мы не ўзгаднялі. Мы з архітэктарамі ўзгаднялі. Афіцыйна да нас ніхто не звяртаўся, разумееце, гэта трэба было звяртацца за замоўніка, пісаць, можа, быць нейкі ліст», – патлумачыла кіраўніца аўтарскага нагляду «Праект-сервісу» Тамара Карыткіна.

Раней у Магілёве рабілі акцэнты максімум на фасадах дамоў, а каб пафарбаваць у яркія колеры дом цалкам – такое ўпершыню. Але галоўнае, каб такі дом у раёне заставаўся адзін, кажа ўрбаніст Сяргей Пехцераў.

«У спальным раёне гэта вельмі важна для таго, каб людзі лепей арыентаваліся, гэта дадае навігацыйную функцыю. Плюс у гэтага аб’екту ёсць мастацкі складнік – гэта праца Мандрыяна. Людзі будуць тут фатаграфавацца і добра ставіцца ды, можа быць, нават нешта больш даведаюцца пра мастака», – каментуе Сяргей Пехцераў.

Акрамя абстрактнага афарбоўвання капітальны рамонт дому 44 на вуліцы Лазарэнкі ўлучае замену агароджаў на гаўбцах, вокнаў і дзвярэй у пад’ездах, сетак у сутарэннях, а таксама рамонт ганкаў. Усе гэтыя працы робяцца за кошт штомесячных адлікаў на капрамонт. Некаторыя жыхары дому лічуць, што гэтага замала, а іншыя радыя і гэтаму:

«Замянілі нам трубы для водазабеспячэння, ужо вада ідзе добрая, чыстая».

«А па-мойму, усё робіцца дужа халтурна. Ну, мне так падалося. Мы думалі, што нам уцяпляць, канечне, не ўцяплілі».

«Нічога не робіцца, усё гэта касметыка, можна сказаць. Ну, трубы там нейкія мяняюць, то, што ў нас няма рэцыркуляцыі гарачай вады. Мы задалі пытанне, чаму не было сходу. Гэта ўсё было праведзена незаконна. Тут напісана, што быў каронавірус, быццам мы самі, без вас».

Пра неабходнасць уцяпліць дом і зрабіць рэцыркуляцыю вады жыхары пісалі зварот ва ўпраўленне камунальных прадпрыемстваў. Там адказалі, што пры складанні акту абследавання будынку гэтыя фактары не былі ўлічаныя, і таму не будуць зробленыя падчас капрамонту. На жаль, знутры дому 44, як гэта часта бывае, карцінка зусім не такая радужная, як звонку.

Вольга Васільева, beksat.eu