У Магілёве прыцягнулі да адказнасці 18 начальнікаў ЖЭУ за кранаванне дрэваў


Калі нехта без адукацыі хірурга ампутуе канцавіну, пацыент не выжыве… Гэтак і дрэва памрэ, калі галіны яму паабцінае некампетэнтная асоба. У Магілёве пракуратура прыцягнула да дысцыплінарнай адказнасці 18 начальнікаў ЖЭУ – за няправільнае выкананне топінгу, або кранавання дрэваў.

Леанід Платоненка, экалагічны актывіст, Магілёў:

«Іншага сэнсу ў гэтым абцінанні як засвойванне сродкаў мы не бачым. Вось такое кранаванне, як у мяне за плячыма, гэта практычна знішчэння дрэваў. Толькі не такое, што адразу спілоўваюць дрэва, а паступовае. Справа ў тым, што пры абцінанні макушкі макушка не зарастае. У мяккую сэрцавіну трапляе вада, дрэва пачынае паступова гніць».

Радыкальны топінг (або кранаванне дрэваў) лічыцца варварствам у краінах, якія пільна сочаць за азеляненнем і захаваннем прыроды. У Магілёве на абарону дрэваў першапачаткова стала грамадства. Увесну адмысловая петыцыя сабрала больш за паўтысячы подпісаў у сеціве.

Чатыры дні таму Адміністрацыя кіраўніка краіны забавязала Міністэрства ЖКГ распрацаваць нарматыўна-прававую дакументацыю ў справах абыходжання з зелянінаю.

Магілёўская пракуратура выявіла, што абцінаннем дрэваў займаўся ненавучаны персанал, ды канстатавала, што не існуе патрэбнае гораду схемы азелянення. Чыноўнікі паабяцалі направіць сітуацыю да канца наступнага года.

Юлія Цяльпук, belsat.eu