У Магілёве пабудавалі лесвіцу за мільёны, якой змогуць карыстацца не ўсе


Шлях да парку Падміколле для магілёўца Алега Юркова не з самых лёгкіх. Адмысловага пад’ёмніка для лесвіцы, якую пабудавалі адмыслова да Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, што каштавала гораду шалёных грошай, тут няма.

І калі 27-метровы спуск – яшчэ сяк-так, то падняцца для інваліда-вазочніка, пераадолеўшы гэтую вышыню, – заданне невыканальнае. У лесвіцы ёсць пандусы, але і яны нязручныя – рэзкія і крутыя, а самае галоўнае – поручні там на розных узроўнях. Жыхары Магілёва кажуць:

«Асабіста для мяне вельмі цяжка спускацца па гэтай лесвіцы, бо я інвалід другой групы».

«Цяжкавата. Спускацца яшчэ больш-менш. А падымацца – з такою вось калыскай – я наагул не магу».

Ідзем далей ды спрабуем разам з Алегам Юрковым, кіраўніком Магілёўскай арганізацыі рэабілітацыі і спорту інвалідаў-вазочнікаў, спусціцца ў падземны пераход. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі тут прадугледжаная адмысловая платформа. Што праўда, скарыстацца ёю немагчыма: тэлефон асобы, якая адказная за яе абслугоўванне, недасяжны.

«Наколькі я памятаю, адная такая платформа каштавала 50 тысяч еўраў. Гэта вельмі вялікія грошы, вельмі вялікія. На іх можна пабудаваць кватэру ці дом. А гэта проста платформа, уяўляеце?» – кажа Алег Юркоў, інвалід-вазочнік.

Маштабы нязручнасцяў добра ўяўляе сабе і кіраўнік магілёўскай абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў. Гэта ён звярнуўся да гарадскіх уладаў з прапановаю, каб да лесвіцы ў парку быў ліфт або адмысловы падʼёмнік. Афіцыйны адказ за подпісам намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Уладзіміра Дударава: інваліды-вазочнікі могуць скарыстацца абʼязным шляхам, каб трапіць у Падміколле.

«Раней жылі фараоны, якія будавалі піраміды. Цяпер у нас зʼявіліся фараончыкі, пабудавалі арку на ўездзе ў горад, пабудавалі лесвіцу, якая не ўсім падыходзіць, але для таго, каб праславіцца», – гаворыць Уладзімір Шанцаў, АГП, заяўляльнік калектыўнага звароту.

Пампезнымі будоўлямі праславіліся і ўлады Гомля: тут да прыезду Аляксандра Лукашэнкі ды прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі пабудавалі прыбіральню коштам 750 тысяч (!) долараў. Што праўда, самы дарагі туалет краіны закрылі адразу пасля візіту важных гасцей. Усё, як кажуць, для людзей!

Віталь Бабін, belsat.eu