У Магілёве месяц рыхтаваліся, каб паказаць бітву з немцамі за горад – і вось, што выйшла


Удзельнікі рэканструкцыі баёў Савецкай арміі з нямецкімі войскам за Магілёў у 1944 годзе. Фота – «Белсат»

Пакуль у пераможанай 74 гады таму Нямеччыне ганарацца ўласным аўтапрамам, высокім узроўнем жыцця і першай эканомікай Еўропы, у Беларусі чыноўнікі па-ранейшаму заклікаюць ганарыцца перамогай 1945 года.

Напярэдадні ў Магілёве адбыўся вялікі тэатралізаваны канцэрт з элементамі інсцэнізацыі гістарычных падзеяў «Салдатамі былі ўсе…», прысвечаны 75-й гадавіне вызвалення гораду ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прыход немцаў у горад, блок сцэнаў з дзіўнай назваю «тупат ног» ды спальванне вёсак – жудасныя гады вайны намагаліся аднавіць з найдрабнейшымі падрабязнасцямі.

«Вайну ж не перапішаш і не прыдумаеш, можна дадаць толькі нейкіх новых фарбаў ды зрабіць больш піратэхнікі. Сёння задзеяна вельмі шмат піратэхнікі і авіяналёты, якія таксама будуць, і парашутысты. Але, як на мяне, самае жудаснае – гэта калі людзей заганялі ў гета», – кажа рэжысёр рэканструкцыі Дзмітрый Азаранка.

Матэрыял Сцяпана Святлова глядзіце ў поўным выданні навінаў за 29 чэрвеня

 

Сабакі і коні, танкі ды матацыклы, авіятэхніка, феерверк-шоу. Коштаў маштабнай імпрэзы не агучваюць. Затое з задавальненнем кажуць пра мэты – галоўнае, каб вайны не было. А каб не забывалі падзеяў тых часоў, нагадваць трэба штогод. Таму і сюжэт рэканструкцыі максімальна банальны. Гэта, вядома ж, мірныя часіны.

«Час рэтра, перадваенны час. Вось – у нас кавалер з гармонькаю, я ягоная паненка. Мы будзем хадзіць тут, гуляць», – кажа ўдзельніца рэканструкцыі Наталля Сенакосава.

Потым ідылію прадказальна разбурылі злыя немцы, убраныя ў строі ад «Беларусьфільму».

«Іхная задача – заняць горад у рамках рэканструкцыі, паказаць максімальна набліжаныя да акупацыі ўмовы ды потым, як нам вядома, капітуляваць», – кажа ўдзельнік рэканструкцыі Аляксандр Чарняўскі.

А капітуляваць дзякуючы каму, калі не партызанам ды магутнай савецкай арміі?

«Мы – рускія, ну, савецкая армія, атрымліваецца. Наша задача – атрымліваецца, сустрэцца з немцамі ды схапіцца з імі – усё», – кажа ўдзельнік рэканструкцыі Ягор Лісаў.

Рыхтаваліся да такой кульмінацыі палёту фантазіі магілёўскіх ідэолагаў доўга, упарта ды ўсе разам. Амаль цэлы месяц, не зважаючы на самлелых школьнікаў, недахоп вады і анамальна спякотныя дні, на безыменным полі каля гандлёвага цэнтру «Е-сіці» не пераставалі грымець рэпетыцыі. 68 старонак сцэнару і больш як 4000 ўдзельнікаў. Навучэнцы музычных каледжаў, выкладчыкі спартовых школаў, харэографы, будучыя дактары і аграрыі. Хтосьці – добраахвотна-прымусова: «Проста сказалі – ад арганізацыі трэба столькі-та чалавек. Чым больш арганізацыя – тым больш чалавек». А хтосьці – з задавальненнем: «Усё добра, усё цудоўна. Каму якая роля дасталася. Хто ў гета, хто ў канцлагеры».

Падобную рэканструкцыю ў Магілёве ладзяць ужо не ўпершыню, аднак аб праблемах з яе арганізацыяй кажуць нават самі ўдзельнікі.

«Ну, па-першае – музыка. Тое, што там танчаць на сцэне – гэта неяк штучна, па-мойму. Не хапала, напрыклад, зброі. Чалавеку аднаму не хапіла зброі», – дадае Ягор Лісаў.

Арганізацыйныя праблемы адчулі і гледачы. Гледачы імпрэзы распавялі нам пра пільныя дагляданні і паркоўку ў якасці адзінай трыбуны:

«Мы глядзелі не спачатку ды так і не зразумелі, пра што, чаго і як».

«Вядома, былі невялікія недахопы, але, я думаў, усім усё вельмі спадабалася».

«Усё было арганізавана вельмі прыгожа, вельмі, вельмі дастойна. Задаволеныя, што схадзілі на такую імпрэзу».

«Я быў, але практычна нічога не пабачыў, вельмі слабая агляднасць. Спрабаваў да экранаў – калі падыходзіш да экрану – не чуваць нічога, з розных месцаў перабівае гук».

Дык, можа, варта было б на дзень гораду зладзіць не дарагую вайну, а больш шырокае гістарычнае свята? – цяпер ужо рытарычна пытаюцца магілёўцы.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»