У Магілёве – Дзень гораду! Лічым дасягненні і віншуем імянінніка!


Напярэдадні Дня гораду перад Магілёўскім гарвыканкамам адкрылі новы арт-аб’ект «Дрэва сяброўства». Фактычна дрэва аказалася металічным слупам з указальнікамі да гарадоў-пабрацімаў. А што больш каштоўнага за гэты год з’явілася ў горадзе, мы запыталіся ў аўтара блогу і падкасту пра Магілёў Дзяніса Васількова.

«Самае вялікае для мяне дасягненне, якое я проста бачу і адчуваю, гэта тое, што ў цэнтры гораду зноў пачалося грамадскае жыццё са з’яўленнем гандлёвага цэнтру, цэлага комплексу – «Атрыўм», – кажа Дзяніс Васількоў.

Адміністрацыйна-дзелавы цэнтр «Атрыўм» з’явіўся на месцы былога Дому быту. У ім функцыянуе гатэль, вялікі фуд-корт, крытая паркоўка на 300 машынамесцаў, кінатэатр, фантан ля ўваходу. Сюды, як магнітам, сцягваюцца дзеці і падлеткі: яскравыя і вельмі актыўныя.

А вось пра развіццё інфраструктуры ў горадзе Дзяніс выказваецца крытычна:

«Рашэнні, якія прымаюцца, яны відавочна прымаюцца людзьмі, якія ездзяць і глядзяць з вакна аўтамабіля. Бо дастаткова прайсціся па гораду проста нагамі, і ты разумееш, наколькі нязручна ён зроблены».

Сёлета ў Магілёве праходзіць капітальны рамонт дзвюх важных вуліцаў: Першамайскай і Крупскай. На Першамайскай зрабілі роварную дарожку з высокімі бардзюрамі. Пасля крытыкі ў сацыяльных сетках прыйшлося яе хутка выпраўляць. Якой вышыні будуць бардзюры на Крупскай, пабачым неўзабаве.

Рамонт вуліцаў – гэта абавязак гарадскіх уладаў, лічыць малады палітык Аляксей Кірыенка. А дасягненне – у іншым.

«Кідаецца ў вочы, што наш горад расце, ён пашыраецца. Робіць гэта, праўда, у адзін бок, у бок Менску, але тым не менш – новыя мікрараёны, новыя дамы – усё гэта ўвесь час расце», – кажа Аляксей Кірыенка.

У планах уладаў на 2020 год здаць у эксплуатацыю 140 тысяч квадратных метраў шматкватэрных жылых дамоў.

«Недахоп у тым, што дамоў з’яўляецца болей, але жытло дасяжным не становіцца. То бок цяпер праблема не толькі нашага гораду, але тым не менш, набыць кватэру, проста з нуля назапасіць – гэта немагчыма», – каментуе Аляксей Кірыенка.

Мы запыталіся ў жыхароў Магілёва, што б яны самі пазычылі гораду на дзень народзінаў:

«Больш забаўляльных цэнтраў, больш пляцовак для дзяцей у тым ліку».

«Больш, каб з’яўляліся нейкія прадпрыемствы, каб людзі маглі нармальна працаваць».

«Я б пажадала Магілёву, каб ён не баяўся, бо інакш нічога добрага не будзе».

«Я зычу Магілёву, каб у ім з’явілася роварная інфраструктура ўвогуле».

«Каб былі людзі ўсе разам, каб чагосьці хацелі дабіцца, значыць дабіліся».

Спадзяёмся, што ўсе пажаданні здзейсняцца, і хутка Магілёў у сваім развіцці дагоніць іншыя абласныя гарады Беларусі.

Вольга Васільева, «Белсат»