У Магілёве актывісты заклікаюць пазбавіць пасады дэпутата, які праігнараваў просьбу адмяніць дэкрэт аб дармаедах


«Я ніколі не быў дармаедам, рабаўніком. Я ўсё жыццё сумленна працаваў». Такія словы пакінуў побач з аплочаным падаткам за дармаедства шасцідзесяцігадовы ветэран працы, асіпаўчанін Айвар Яскевіч. Пасля чаго выкінуўся з гаўбца сваёй кватэры на пятым паверсе. Радыё «Свабода» паразмаўляла з сяброўкаю сямʼі загінулага.

«Чалавек, што прапрацаваў усё жыццё, выйшаў на пенсію, атрымаў званне ветэрана працы, адпрацаваў сумленна ўсё жыццё і замест таго, каб жыць далей, карыстацца тым, што зарабіў разам са сваёй сямʼёй, ён сышоў з жыцця. Гэта быў шок. Крок у нікуды. І гэты крок яму дапамагла зрабіць дзяржава»

У Беларусі масава збіраюць подпісы за адмену дэкрэту

Дарэчы, і 22-гадовая дачка Аксаны таксама мусіць заплаціць падатак, бо два гады таму страціла працу ды не знайшла іншай. Цэлы шэраг палітычных рухаў збірае подпісы за адмену закону пра дармаедства. Гэтак у Магілёве актывісты АГП заклікаюць зняць з пасады аднаго з дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Старавойтава. Той, на меркаванне актывістаў, фактычна праігнараваў іхны заклік адмяніць дэкрэт нумар 3.

«Дэпутат Старавойтаў сам не адказаў – прыслаў адказ групавы – подпісы паставілі яшчэ два дэпутаты – адзін адным прыкрыліся. І ў адказе напісана, што нагодаў для адмены дэкрэту няма», – кажа актывіст АГП Уладзімір Шанцаў.

Дэпутаты таксама дадалі ў сваім адказе меркаванне: маўляў, лічба беспрацоўных у краіне падае. Сапраўды – афіцыйна беспрацоўных у краіне больш за 35 тысячаў чалавек. Але дармаедаў чыноўнікі здолелі налічыць чатырыста тысячаў. Актывісты пачалі збіраць подпісы з роднай выбарчай акругі Старавойтава.

«Я, як вам сказаць – не ўнікаю ў гэтыя пытанні – хто ў нас дэпутат. Мне неяк усё адно – хто ў нас дэпутат», – кажа жыхарка Магілёву.

У інтэрнаце нумар 5 на вуліцы Касманаўтаў у Магілёве імя Старавойтава не вядомае нікому. Што дзіўна, бо ў сваёй акрузе ён летась нібыта сабраў ажно 15 тысяч подпісаў на сваё вылучэнне. Дэпутата жыхары інтэрнату, што патрабуе пільнага рамонту, не ведаюць, затое маюць што сказаць яму з нагоды закону для дармаедаў.

«-Дзе наш дэпутат і што робіць – я вам нават сказаць не магу,

– Але ён галасаваў за гэты дэкрэт.

– Маладзец… У яго ёсць праца? Ну і сцяг яму беларускі ў рукі»

«Ну гэта як сказаць… Ну дэбілізм. Людзі могуць знайсці працу – то працуюць. А тут усіх па адзін грэбень».

Адкліканне дэпутата, прызнаюць актывісты, у нашай краіне мяжуе з немагчымым. Аднак першы крок – 150 подпісаў за ягонае адкліканне, якія атрымае старшыня гарадскога савету, – амаль здзейснены. Акрамя збору подпісаў, Абʼяднаная грамадзянская партыя запрашае на Марш дармаедаў, прызначыўшы дату ажно на 15-га сакавіка. Беларускі ж Нацыянальны кангрэс ладзіць акцыю на месяц раней на Кастрычніцкай плошчы сталіцы.

«Улада народ не слухае, а прымусіць слухаць зараз можна толькі адным сродкам – сабрацца разам і прыйсці ў цэнтр улады. Розныя там варыянты, маўляў сабрацца на Бангалоры, снег мясіць – яны на ўладу не паўплываюць», – кажа Мікола Статкевіч.

У АГП зазначаюць, што, магчыма, далучацца да акцыі Статкевіча, аднак гэта калі і пастановяць, то толькі ў бліжэйшы панядзелак.

belsat.eu