У магілёўцаў адбіраюць грошы, каб правесці Дзень гораду


Прыкмета з нашага цяперашняга жыцця. Калі нейкую будоўлю ў краіне называюць народнаю, звычайным беларусам час выцягваць гаманцы ды выварочваць кішэні. І аддаваць часам апошняе.

«Быў год таму Лукашэнка ў Магілёве, сказаў: «Гораду не стае лоску!» Ну, Лукашэнка жыве ў іншым вымярэнні, у іншым жыцці, дзе зарплата большая за 500 долараў. Там, дзе блішчыць усё, зіхціць, «Мэрсэдэсы», «Майбахі» ды іншае», – мяркуе мясцовы апазіцыянер Уладзімір Шанцаў.

Лукашэнка сказаў – чыноўнікі прынялі да выканання

Тут і дата ідэальная: сёлета Магілёў адзначае сваё 750-цігоддзе. Што праўда, распачатыя працы па добраўпарадкаванні гораду традыцыйна зачапілі найперш цэнтральныя вуліцы. Дарогі ж, двары ці, скажам, дзіцячыя пляцоўкі, што ўбаку ад афіцыйных святкаванняў, пра згаданы Лукашэнкам лоск па-ранейшаму могуць толькі марыць. Гэтак, два гады таму мясцовыя актывісты сабралі 6500 подпісаў магілёўцаў з патрабаваннем да ўладаў пачысціць засмечанае да немагчымасці Святое возера – практычна адзінае месца адпачынку для магілёўцаў улетку.

«У адказ мы атрымалі: «Няма грошай»! На арку грошы знаходзяцца… Трыумфальную – наконт чаго трыумф? А на першасныя патрэбы магілёўцаў грошай не стае!», – скардзіцца спадар Шанцаў.

Трыумфальная арка мае з’явіцца на ўездзе ў Магілёў

Праўда, грошай на гэты праект таксама няма. А таму ўлады пайшлі звыклым шляхам: абвесцілі збор «добраахвотных ахвяраванняў» ды пачалі іх збіраць пад роспіс. Фармальна – усё законна, бо добраахвотна. Вось толькі хто рызыкне адмовіцца ад гэткай настойлівай просьбы?

«Калі працаўнік адмовіцца плаціць добраахвотны збор, ён будзе лічыцца нядобранадзейным і затым паўстане пытанне пра тое, ці варта з ім працягваць кантракт», – тлумачыць юрыст незалежнага прафсаюзу Аляксандр Харматаў.

А таму і радасці ад гэткага прымусовага добраахвотніцтва ў магілёўцаў мала. Хто ведае, можа, і не было б столькі паказухі, калі б чыноўнікі аплочвалі яе не з народнай, а з уласнай кішэні.

Валеры Руселік, «Белсат», фота: TUT.BY