У Лідзе афіцыйна адкрылі помнік Гедыміну


Фота: Гедыміну ў Лідзе. АК / Belsat.eu

Вялікі князь Літоўскі Гедымін, або таксама Гедзімін. Адкрыццё помніку славутай гістарычнай постаці ў Лідзе з бел-чырвона-белымі ды сцягамі з «Пагоняю» віталі некалькі соцень чалавек. Гэткі падарунак горад атрымаў на сваю 696-ую гадавіну.

«Класна! Я асабіста прыехаў сюды толькі дзеля адкрыцця помніку, канцэрт мяне не асабліва цікавіць».

«Тое, што мы памятаем сваіх, можна так сказаць, народных герояў, – гэта безумоўна крута».

«Каб больш па Беларусі такіх вось розных помнікаў нашых дзеячаў рабіць замест Леніна і іншых, было б добра».

Князь Гедымін лічыцца заснавальнікам Ліды. Ён загадаў збудаваць мураваны замак на месцы сённяшняга гораду. Акурат пры Гедыміне тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага дасягнула свайго найвялікшага маштабу.

Матэрыял Юліі Лабанавай глядзіце ў выпуску навінаў

Шасціметровую фігуру збіральніка зямель скульптары Сяргей Аганаў і Вольга Нячай сімвалічна адлюстравалі з даўгім плашчом верхам на кані.

«Сімвалічна, што ён стаіць каля замку, свайго, які ён пабудаваў, сімвалічна, што ён стаіць на пачатку вуліцы, якая называлася Віленскай. Яна вядзе ў бок Вільні. Ён глядзіць на Вільню, на сваю сталіцу. Ён стаіць на вельмі такім цікавым, як кажуць, намоленым месцы», – распавядае Леанід Лаўрэш, пісьменнік.

Усталяваць помнік пастанавіў Лідскі гарвыканкам, аднак бюджэтных грошай на яго не хапала. На абвешчаны збор сродкаў адгукнулася прыватнае прадпрыемства «Белтэксоптык» ды цалкам пакрыла выдаткі. Аднак заслугу ў адкрыцці помніку блогер Эдуард Пальчыс бачыць не ў намаганнях улады, а ў выніку патрыятызацыі насельніцтва ды дзесяцігоддзях змагання за ўшанаванне гістарычнай спадчыны, якое вялі актывісты і гісторыкі.

«Калі людзі сабралі грошы на Касцюшку ў рэкордныя тэрміны, сабралі ў рэкордныя тэрміны на дошку БНР, якую чыноўнікі не жадаюць вешаць, яны пабачылі, што сярэдні гарадскі клас, будучая эліта – яна прабеларуская і патрыятычная. І з іх падзеннямі заробкаў і ўзроўнем жыцця, крушэннем савецкай ідэалогіі, што ім яшчэ рабіць? Або змагацца, на што няма сілаў, або падыгрываць», – распавядае Эдуард Пальчыс, блогер.

Між тым увекавечваць значныя для беларускай гісторыі постаці працягваюць і ў іншых гарадах. Гэтак, збор сродкаў на помнік першаму князю ВКЛ – Міндоўгу – абвесціў Наваградскі райвыканкам. А сёлета напрыканцы года ў сталіцы паўстане манумент князю Глебу Менскаму.

Юлія Лабанава belsat.eu