Аб'ектыў 22.12.2018 У лес паперлі ялінкавыя браканьеры




Беларусы рыхтуюцца да Новага году. Адзін за другім адчыняюцца ялінкавыя кірмашы. А ў аколіцах лясоў варту нясуць працаўнікі лясной аховы – каб перашкодзіць браканьерам красці дрэвы ці то для сябе, ці то на продаж.

Без ялінкі ў доме – няма аніякага свята! Штогод у перадсвяточныя дні мы ўздымаем адное і тое ж пытанне – штучнае дрэўца набыць ці ўсё ж жывое? Жывыя цяпер пышныя нібы штучныя, а штучныя – зробленыя настолькі добра, што ў прыгажосці не саступаюць прататыпу.

Жыхары Берасця:

«Болей практычна, калі ў доме стаіць штучная».

«Выбіраю звычайную штучную елку, бо шкада дрэвы рубіць».

«Мне больш падабаецца жывая елачка з лесу».

«Галоўнае для мяне – пах. Калі пластыкавая будзе пахнуць добрым чалавекам, я вазьму ды абдыму такую ялінку!»

Гандаль ялінкамі рушыў! Першымі ў продажы закрасаваліся тыя, што не баяцца часу і выглядаюць – на любы густ! Важна каб зробленыя яны былі з якасных матэрыялаў.

Марыя Сума, Цэнтр экалагічных рашэнняў: «Пластыкавыя елкі апраўдаюць сябе з экалагічнага пункту гледжання, калі вы выкарыстоўваеце іх напрацягу 20 гадоў».

Калі ж хочацца натуральнага – набывайце жывыя ялінкі ў прадстаўнікоў прыватных гаспадарак ці лясных гаспадарак. Набуйнейшыя кірмашы ў гэтыя дні арганізуе дзяржава. З 20-га снежня ў Берасцейскай і Менскай абласцях, а з 21-га снежня – ва ўсёй краіне адкрылася больш за тысячу сто буйных пунктаў продажу. Сярэдні кошт навагодняга дрэва метровай вышыні – 8 рублёў. За дрэўца да двух метраў – аддасце 11 рублёў і 15 – за ствол вышынёю ў 3 метры.

У паўтары разы танней будзе выбраць ялінку ў лясной гаспадарцы, атрымаць адмысловы дазвол і спілаваць прыгажуню самастойна. А каб даўжэй стаяла…

Калі ялінка, як той гарбуз ці агурок, расцілася для спажыўца на адмысловым участку – ейная вырубка не нашкодзіць экасістэме. Іншая справа, калі дрэўцы ўціхую вывозяць з лесу.

Штрафы за самавольную вырубку – сягаюць паўтысячы долараў. Асабліва жорстка караецца крадзеж ялінкі з абаронных лесапалосаў.

У чатыры разы большую кару заплоцяць прадпрымальнікі, і ў сем разоў большую – юрыдычныя асобы. На такія грошы можна прывезці, усталяваць ды шчодра ўпрыгожыць галоўную ялінку абласнога цэнтру!

Эколагі звяртаюць увагу, што апроч усвядомленасці ў набыванні навагодняга дрэва, варта падумаць пра правільную яго ўтылізацыю.

Але пра гэты дзень пакуль не думаецца! У гэты момант тысячы беларусаў набываюць елку, месца пад якою пакідаюць на падарункі ад Санты, Дзеда Мароза ці па-нашаму – Зюзі. Пачуеце, як звініць ягоны бубеньчык – адчыняйце доўгачаканаму госцю!

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары