У Курапатах усталёўваюць дзяржаўны мемарыяльны знак


У звычайна ціхіх Курапатах сёння было шумліва. Ва ўрочышчы ўлады распачалі ўсталёўваць дзяржаўны мемарыяльны знак. Працы выклікалі вялікую дыскусію ў грамадстве. Шмат хто выступае супраць помніка і чаму?

«Мама», «тата», «брат», «каханы», «хросны» – надпісы на чатырох мовах, якія з’явяцца на знаку, што сёння ў Курапатах усталёўвае дзяржава. Усталёўвае, нягледзячы на тое, што шмат хто з грамадскасці быў супраць.

Размесцяць яго ў цэнтры на гэтак званай Галгофе ў Курапатах – месцы, дзе ў трыццатыя гады НКВД расстраляла паводле розных падлікаў ад 30-ці да 250-ці тысячаў чалавек.

«Сітуацыя, якая тут склалася з крыжамі, з народным мемарыялам, на нас заўжды складала вялікае ўражанне. І адна з нашых задач была, каб наш памятны знак гарманічна ўспрымаўся і гарманічна садзіўся з усім архітэктурным, эстэтычна складзеным ландшафтам з усімі крыжамі», – гаворыць Сяргей Аганаў, скульптар.

Шмат хто з абаронцаў Курапатаў мяркуе, што тут не месца помніку ад дзяржавы, якая называе сябе пераемніцаю савецкай, камуністычнай улады.

«Гэта ўжо другі ў двукоссі помнік, які ставіць улада. Першы быў летам, калі яны далі дазвол для ганебнага кабака, а цяпер мы маем гэты помнік, які мусіць сімвалізаваць разбурэнне народнага мемарыялу», – тлумачыць Вячаслаў Сіўчык, абаронца Курапатаў.

Грамадскі дырэктар народнага мемарыялу «Курапаты» Алесь Чахольскі каментуе:

«Самае галоўнае – што будзе далей, каму перададуць гэты знак на баланс, колькі тэрыторыі перададуць, соткі, гектары, усе Курапаты. Чыноўнікі, вы бачыце, што пачалі, яны нам папярэджанне прыслалі, пасля правядзення 28 кастрычніка тут мітынгу на Дзяды, што на мітынгу было набажэнства. Уяўляеце сабе? Маліцца людзям нельга!»

Абаронцы сцвярджаюць, што Галгофа – гэта месца для крыжоў, таму прапаноўвалі перанесці і ўсталяваць дзяржаўны знак у пачатку комплексу, ля пераходу праз МКАД.

«З аднаго боку, нашую дзяржаву абвінавачваюць, што яна да Курапатаў не мае ніякага дачынення, яна самаліквідавалася, з другога – калі працы пачаліся, я лічу, што пераносы розныя, гэта зрыў прац, і калі зноў пачнем валтузіцца з месцам, гэта зноў зацягнецца на гады», – распавядае Аляксандр Мікша, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, замоўца працаў.

Грамадства даўно выступала за тое, каб зрабіць 29-га кастрычніка Днём памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, улады не пагадзіліся. КДБ не дапускае да архіваў, дзе захоўваюцца справы расстраляных. Але актывісты спадзяюцца, што здолеюць змяніць сітуацыю. На 14-га лістапада Таварыства аховы помнікаў падало заяўку на сустрэчу з першым намеснікам старшыні КДБ.

«Ён гаварыў пра 11 расстрэльных участкаў на тэрыторыі Менску, сярод іх гісторыкі, даследчыкі не могуць назваць 11 участкаў, значыць ёсць нейкія, якія нам нават не вядомыя, ён гаварыў і пра Курапацкія справы», – кажа Юрась Меляшкевіч, Таварыства аховы помнікаў.

Сёння ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах прыехалі прадстаўнікі амбасадаў Польшчы, Літвы, Нямеччыны, Францыі, Вялікай Брытаніі, ЗША, дэлегацыяй кіравала прадстаўніца Еўракамісіі.

«Ужо з 2005 года дыпламаты краінаў Еўрапейскага Звязу і ЗША ўскладаюць тут кветкі на пераломе кастрычніка – лістапада, у гэтым годзе далучыліся да нас прадстаўнікі дзяржаваў «Усходняга партнёрства»– Украіны, Грузіі, Арменіі. Гэта надзвычай важна. Курапаты – месца сімвалічнае для Менску, Беларусі, таксама для нас», – кажа першы дарадца амбасады Польшчы Марцін Вайцехоўскі.

Усталяванне помніку можа заняць некалькі дзён, таксама, паводле планаў, зробяць брукаванку памяці, якая пройдзе праз усе Курапаты.

Вольга Чайчыц, belsat.eu