У Курапатах маліліся за вяртанне крыжоў


У Берасці гучалі і заклікі вярнуць на месца курапацкія крыжы ды лічыцца з меркаваннем людзей. А у Менску ды самім урочышчы на акцыі дзеля абароны мемарыялу прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек.

Каля 50 чалавек маліліся ў Курапатах дзеля абароны народнага мемарыялу. У цэнтр Менску на малітоўны сход прыйшлі каля 10 чалавек. Міліцыянтаў жа, якія назіралі за акцыяй, было ў паўтара разу больш.

Спыніць святатацтва ў Курапатах заклікаў галава Касцёлу ў Беларусі.

«Мы ўспамінаем Трасцянец, успамінаем Курапаты, успамінаем многія іншыя месцы не для таго, каб пасыпаць соллю раны, што загаіліся ці гояцца, але каб ніколі ў будучыні падобнага не было, каб чалавек ніколі не падымаў руку адзін супраць аднаго, а ў нашым выпадку – яшчэ і руку супраць крыжа», – адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Не ўхваліў вывазу крыжоў і прэс-сакратар Беларускага экзархату Маскоўскага Патрыярхату Сяргей Лепін.

Каля 70 крыжоў, якія стаялі на межах мемарыялу, улады вырвалі ў мінулы чацвер. Учора знеслі яшчэ 24, усталяваныя два гады таму на грошы грамадскасці. Месца сталінскіх расстрэлаў абнеслі плотам і абсадзілі дрэўцамі.

Ці могуць такія дзеянні ўладаў выклікаць шырокі пратэст у грамадстве?

«Калі не пратэставаць, то тады будзе рабіцца беззаконне: што хачу – тое і раблю! Прыйшоў нейкі новы начальнік, яму не спадабалася, ён усё знёс!»

«Я за тое, каб выказваць сваё меркаванне і мірным шляхам прыходзіць да паразумення пра тое, што з гэтым месцам нельга абыходзіцца так, як абыходзяцца з ім цяпер!»

«Калі будуць нейкія мітынгі і пратэсты, то, хутчэй, людзі сабе жыццё сапсуюць гэтым. Могуць застацца непрыемныя наступствы».

За акцыі дзеля абароны Курапатаў пад арыштам перабываюць палітычныя дзеячы і грамадскія актывісты Павел Севярынец, Максім Вінярскі ды Мікола Статкевіч. Ніну Багінскую і Вольгу Мікалайчык пакаралі штрафамі. Сябры Беларускага нацыянальнага кангрэсу заклікалі заўтра сабрацца на малітву а 18:00 каля Адміністрацыі прэзідэнта.

Аляксандр Папко, belsat.eu