Аб'ектыў 15.11.2018 У Курапатах адкрылі афіцыйны помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў


Яго ўсталявалі па замове Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Між тым памятны знак ад уладаў гэтак і не аб’яднаў грамадства, ды насупраць – стаў чарговым яблыкам разладу.

«Вялікая справа зробленая, вам проста вялікі чалавечы дзякуй!» Гэткімі словамі Міхаіл Орда, сябра сталай камісіі Нацыянальнага сходу ды старшыня дзяржаўнага прафсаюзу, падзякаваў сваім калегам. Зранку ў Курапаты прыбыў цэлы дэсант, што меўся прыбраць тэрыторыю да адкрыцця помніку.

«З граблямі, з венікамі, падмяталі сцежку, якую яны да гэтага моманту падгатавалі. Я запытала іх: чаму вы не ўпарадкоўваеце могілкі, там сапраўды ляжаць людзі закатаваныя, забітыя? Вось вас столькі тут на гэтай сцежцы. На што яны сказалі: сёння вось менавіта гэтая задача пастаўленая перад намі», – кажа грамадская актывістка Ганна Шапуцька.

Нягледзячы на рыхтаванне, урачыстым адкрыццё назваць складана. Усё прайшло ціха, без асвятлення падзеі ў дзяржаўных медыях. Чаму ж?

«Мая здагадка, што гэта было зроблена фармальна, каб увогуле закрыць гэтую праблему. Вы хацелі – атрымалі. І нічога далей не зрушыцца, заўтра не адкрыюцца ані архівы КДБ, не зʼявіцца больш аніводнага памятнага знаку на тэрыторыі Беларусі, дзе сотні месцаў расстрэлаў», – тлумачыць гісторык Ігар Кузняцоў.

Яшчэ ў 1989 годзе Савет Міністраў БССР падпісаў пастанову аб увекавечанні памяці ахвяраў у Курапатах. У 93-ім мемарыял атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння. Аднак з прыходам да ўлады Лукашэнкі тэма Курапатаў пачала замоўчвацца. Зрэшты, кіраўнік краіны за амаль 25 гадоў кіравання ніколі афіцыйна не бываў ва ўрочышчы.

Тых жа, хто ў розныя гады бараніў Курапаты, збівалі, зневажалі, арыштоўвалі ды каралі штрафамі. Гэтак і да сёння абаронцаў мемарыялу штрафуюць за ўсталяванне крыжоў. А таму змешчаны тут цяпер афіцыйны мемарыяльны знак выклікаў не аднабаковую рэакцыю гісторыкаў і актывістаў.

«Галгофа – гэта такое сакральнае месца, і там дастаткова было б менавіта тых крыжоў, таго каменя, які там быў. Не трэба было сюды цягнуць гэты помнік. Дастаткова было яго паставіць там, унізе. Але, тым не менш, падзея важная, падзея, якую чакалі 30 гадоў амаль», – кажа Ганна Шапуцька.

Тым не менш, улады дагэтуль напоўніцу не прызналі сталінскага тэрору супраць мірных жыхароў, не раскрылі імёнаў расстраляных у Курапатах. Затое дазволілі пабудаваць у колішняй ахоўнай зоне рэстарацыю.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары