У Купалаўскім тэатры прэзентавалі інклюзіўны спектакль


Сёння ў Купалаўскім тэатры незвычайная прэм’ера – на сцэне ўпершыню паказваюць спектакль, дзе граюць людзі з аўтызмам. У зале аншлаг! Ці ўдалася прэм’ера?

Выканаўца галоўнай ролі ў спектаклі «Аднойчы ў вялізным горадзе» Глеб Курэйчык кажа, што выступаць на галоўнай тэатральнай сцэне краіны было незабыўна.

«Ой, мне ўсё так спадабалася, проста супер! Крута-крута! Крыху, вядома, хваляваўся, але ўсё прайшло вельмі крута. Мы вельмі шмат рэпетавалі, вось гэта і дапамагло мне», – распавядае ён.

Акторы з аўтызмам на сцэне таксама пачуваліся вельмі камфортна.

«Вядома ж, мне спадабалася, калі і танчыць, і булкі паказваць народу. Слаўна сёння было выступаць. І мы, як заўсёды, добра выступілі. Слаўна!», – дзеліцца ўражаннямі актор Міхась.

У гледачоў таксама вельмі цёплыя ўражанні ад спектаклю. Вось што яны кажуць:

«Я вельмі ўсцешаная, што ёсць магчымасць у дзетак таксама ўзяць удзел. Што глядач такі ўдзячны. Вялікая колькасць людзей прыходзіць, глядзіць спектакль. Гэта вельмі здорава».

«Нават незразумела, дзе дзіця з асаблівасцямі, а дзе не. Гэта вельмі крута, насамрэч».

«Я рабіла спробы заўважыць, хто з дзяцей мае асаблівасці, пэўныя адхіленні ад нармальнага, звычайнага стану здароўя, і не заўважыла. Абсалютна задаволеная тою працай, якую правёў сямейны тэатр».

Сродкі на тое, каб спектакль адбыўся на сцэне Купалаўскага, збіралі праз краўдфандынг на платформе ulej.by. Далучыліся да талакі вядомыя беларусы, сярод якіх нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч і шматразовы чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў.

«Цудоўныя ўражанні, было шмат перажыванняў, але больш арганізацыйных. У нас няма дзіцячых спектакляў, і дзеці як гледачы да нас у асноўным не прыходзяць. Таму мы больш перажывалі з пункту гледжання арганізацыі гэтага ўсяго варушняку», – апавядае прадстаўніца Купалаўскага тэатру Вольга Кулікоўская.

Наступная пастаноўка інклюзіў-тэатру «і» «Восем пачуццяў». Яна адбудзецца 15 сакавіка ў Доме культуры МАЗ.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»