У крамах з'явяцца аўтаматы для збору пластыкавых бутэлек


У беларускіх крамах зʼявяцца аўтаматы для збору пластыкавых бутэлек – новаўвядзенне анансавалі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў. Праўда калі менавіта гэта адбудзецца – не ўдакладнілі. Але вядома, што з красавіка павысіцца плата для вытворцаў – за збор адкідаў пластыку.

Прааналізаваўшы рынак посуду ў месцах грамадскага харчавання, улады зацвердзілі план для зніжэння ўжывання экалагічна небяспечнага матэрыялу – пластыку. Дакумент прадугледжвае забарону выкарыстання і продажу некаторага аднаразовага пластыкавага посуду і стварэнне абʼектаў для сартавання смецця. Гэта мае істотна зменшыць ужыванне пластыку ў штодзённым ужытку.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Летась Беларусь прыняла дырэктыву аб паэтапным зніжэнні выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі:

«Адмена пластыкавага посуду – гэта вельмі правільнае экалагічнае рашэнне, я лічу, нават упэўненая, што гэта трэба было зрабіць гэта даўно. Бо часта такое бывае, што посуд не прызначаны для гарачых тэмператураў, яго выкарыстоўваюць людзі, калі робяць нейкія шашлыкі, бяруць з сабой на пікнікі. І ён, натуральна, выпарвае з сябе нейкія шкодныя рэчывы», – кажа экалагічная актывістка Таццяна Сівачэнка.

Экалагічную палітыку ў Беларусі на афіцыйным узроўні летась анансаваў Аляксандр Лукашэнка:

«Засмечваем глебу і тэрыторыю так, што хутка квітучая, зялёная і сінявокая Беларусь ператворыцца ў сметнішча».

Апытаныя намі магілёўцы збольшага падтрымліваюць ініцыятыву ўладаў:

«Вядома, адмоўна. Трэба як і раней перайсці на шкло. А то, ну вы бачыце, тут жа ў нас чыста, а за горадам такое, ну, прабачце л*йно адбываецца ўсюды».

«Шчыра кажучы, я супраць яго. Я больш за натуральнае, я лічу, што пластык – гэта вельмі шкодна, бо ён вылучае таксіны».

«Пластык? Станоўча, я за пластык. Я люблю пластык. Ну як, мы ж ім карыстаемся, трэба быць удзячным. Мы ямо з яго, і наагул як нам жыць без пластыку. Я за пластык».

«Адмоўна, вы ведаеце, вельмі нават. Засмечвае нашу планету, усё дрэнна. Фарбавальнікі, хімія, я за натуральнае наагул за ўсё».

Сёння Беларусь перапрацоўвае каля 12 % пластыкавых адкідаў. Развітыя краіны свету могуць пахваліцца куды большым вынікам. Гэтак, у Швецыі ўтылізуецца 99 % побытавых адкідаў. Яны не проста пазбаўляюцца ад смецця, але і навучыліся ператвараць яго ў энергію – пасля дбайнага сартавання. Для Беларусі гэта хутчэй доўгатэрміновая перспектыва, кажа адмысловец.

«Пластык, ён у нас усюды, таму адабранне пластыку з нашага ўжытку – гэта шматгадовая барацьба за экалогію. Калі сёння гэтыя пытанні развязаць імгненна, то ў прынцыпе можна ў літаральным сэнсе разбурыць эканоміку Рэспублікі Беларусь», – тлумачыць эканаміст Пётр Мігурскі.

Апроч уласнага змагання з пластыкавым смеццем, план прадугледжвае, што на паліцах крамаў мусіць прысутнічаць аднаразовы посуд і сталовыя прыборы з паперы. А за адсутнасць папяровых пакетаў будзе прадугледжаны штраф.

Дарʼя Чульцова, Міхаіл Аршынскі belsat.eu