У краіне створаць умовы да распаўсюду беспілотнага транспарту


Савет развіцця беспілотнага аўтатранспарту возьмецца за распрацоўванне бюракратычнае базы для такіх машынаў, але збіраецца і спрыяць укараненню беспілотных аўтамабіляў у краіне. Пры гэтым кіраваць амбітнай установаю прызначылі Уладзіміра Кухарава, намесніка прэм’ера, які раней аніяк не быў звязаны з пытаннямі транспарту.

Кірыл Смяглікаў, аўтар праграмы «Дэвайс», распавядае:

«У Беларусі ёсць прадстаўніцтва амерыканскай кампаніі «Mapbox». І менавіта яны займаюцца падобнымі тэхналогіямі беспілотнікаў. Яны ўвайшлі зараз у ПВТ. Таму менавіта з гэтым, я думаю, і звязана, што будуць развіваць, і гэта камісія ствараецца… Гэта ніякая не фантастыка, мы проста, як заўсёды, даганяем апошнія тэхналогіі, якія ў свеце развіваюцца ўжо некалькі дзясяткаў гадоў».

У той жа час, на меркаванне адмыслоўцаў, у шмат якіх краінах развіццё беспілотнага транспарту не стала прыярытэтам, бо не развязвае актуальных лагістычных праблемаў – шчыльнага трафіку і экалагічнага забруджвання ў буйных гарадах.

«Напрыклад, нават будзе эканоміцца час кіроўцаў. Але машыны гэтыя беспілотныя будуць займаць столькі ж месца ў горадзе, і ў выніку будуць стварацца такія ж заторы, якія ствараюцца зараз з аўтамабілямі з кіроўцамі», – тлумачыць Андрэй Вазьянаў, Менская ўрбаністычная платформа.

А як бачыцца наступ беспілотнага транспарту тым, хто непасрэдна можа яго адчуць? Кіроўцы грамадскага транспарту:

«Беспілотнікі – у будучым то, напэўна, заменяць, але на дадзены момант, у бліжэйшыя два дзесяцігоддзі, – наўрад ці».

«Чалавек мусіць сам ездзіць, а не тэхніка – кіраваць чалавекам».

«Любая тэхніка, як бы яна ні была запраграмаваная, не думаю, што яна будзе настолькі ўпэўнена ў нейкай канкрэтнай сітуацыі».

«Тэхналогія рухаецца наперад, і я думаю, што ўсё будзе. І мы да гэтага імкнёмся».

Намагаецца рухацца наперад і вертыкаль улады. Сёлета кіраўнік краіны асабліва адзначаў дасягненні айчыннага вайскова-прамысловага комплексу ў галіне беспілотнікаў. А скандальна звольнены міністр прамысловасці Віталь Воўк паспеў распавесці пра распрацоўванне беларускіх беспілотных трактароў і камбайнаў.

«Таксама з прыкладаў даволі прыемных можна адзначыць БелАЗ. Яны зусім нядаўна паказалі вялікі беспілотны БелАЗ, які аўтаматычна можа ездзіць па кар’еры, нешта здабываць, сам грузіцца, сам кудысьці ехаць. То бок гэта такое прыкладное – тое, да чаго варта імкнуцца. Нейкія рабатызаваныя сістэмы, якія будуць дапамагаць у гаспадарцы», – кажа Кірыл Смяглікаў, аўтар праграмы «Дэвайс».

Але гэта ў гаспадарцы. З рухам па гарадскіх вуліцах з’яўляюцца пытанні бяспекі. Так сёлета ў ЗША беспілотны аўтамабіль насмерць збіў пешахода. З грамадскім транспартам сітуацыя яшчэ больш складаная, бо гаворка ідзе пра адказнасць за вялікую колькасць людзей.

«У Менску – адносна развіты грамадскі транспарт. У Менску і ў Беларусі агулам – вельмі нізкая смяротнасць на дарогах, гэта з поспехаў такіх беларускіх. Калі будзе на дарогах Беларусі новы сродак транспарту, беспілотныя аўтамабілі, верагодна, узнікнуць і новыя рызыкі», – кажа Андрэй Вазьянаў, Менская ўрбаністычная платформа.

Найбяспечнейшае – метро. Гэтак, цягнікі без машыніста ўжо не першы год спраўна развозяць пасажыраў хоць бы ў Парыжы, Дубаі, Капенгагене, Атланце, Мадрыдзе ды іншых гарадах.

У любым выпадку, на дадзены момант у беларускіх рэаліях масавы беспілотны аўтатранспарт застаецца хутчэй няблізкай перспектывай, калі не браць пад увагу асобныя распрацоўкі. Таму пакуль айчынным кіроўцам не варта забывацца на класіку.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu