У Кітаі прэзентавалі віртуальнага вядоўцу навінаў


Кітайскае інфармацыйнае агенцтва «Сінь-Хўа» паказала свету віртуальнага вядоўцу навінаў. Праграмна генераваная постаць чытае тэкст і амаль не адрозніваецца ад жывога чалавека.

– Yello everyone I’m English artificial intelligence anchor

Даволі механічным голасам вітаецца першы лічбавы вядоўца з гледачамі. Праграму на аснове штучнага інтэлекту стварыла інфармацыйнае агенцтва «Сінь-Хўа», каб зменшыць выдаткі і павысіць эфектыўнасць. Цяпер зачытваць афіцыйныя паведамленні можна без удзелу штату рэдактараў і журналістаў.

«Мой голас і выгляд – гэта мадэль рэальнага вядоўцы «Сінь-Хўа» Чжан Чжаў. Развіццё медыяіндустрыі патрабуе сталых інавацыяў і глыбокай інтэграцыі з міжнароднымі перадавымі тэхналогіямі. Я буду нястомна працаваць, каб трымаць вас у курсе», – гаворыць віртуальны вядоўца. Паглядзеўшы на навінку, калегі з «Белсату» паразважалі пра сваю будучыню:

«Весці вяселлі нейкія, аніматарам нейкім быць, такі досвед ён не знікае проста так», – кажа Ігар Кулей, журналіст, вядоўца.

«Напэўна, кнігу чытаць і пісаць тэксты для робатаў», – каментуе Вольга Старасціна, вядоўца і журналістка.

«Я кіну журналістыку і папросту пачну жыць», – дадае Валер Руселік, журналіст і вядоўца.

«Можа, я б пякла розныя смачныя штучкі, пірожанкі», – распавядае Юлія Лабанава, журналістка і вядоўца.

Ну, а калі сур’езна, то рабатызацыю выкарыстоўваем і мы.

«Цяпер нам трэба не столькі ствараць гэты кантэнт, колькі яго апрацоўваць і розныя штучныя інтэлекты, якія дапамагаюць нам дапасаваць інфармацыю да нашых патрэбаў», – каментуе Вольга Швед, рэдактарка парталу BELSAT.EU.

Пакуль калегі не пераймаюцца, бо і фэйкавы вядоўца, як яго ўжо празвалі ў сеціве, відавочна недасканалы. Аднак тэхналогіі, што выпраўляюць гэтыя хібы, ужо ёсць. Кампанія «Эдоўб» на адной з апошніх прэзентацыяў паказвае генератар голасу, што купіруе ды імітуе любога чалавека. Што ж да відэа, то тут пануюць тэхналогіі нейронных сетак і камп’ютарнага зроку. Бачым, як праграмка пасля навучання генеруе ці купіруе неабходную міміку. А калі няма значэння, які вобраз чытае паведамленне, менчукі распавялі, каго б хацелі бачыць на месцы вядоўцаў навін:

«Кім Чэн Ын, Доналд Трамп са сваймі паводзінамі цікавымі».

«Мая бабуля, у яе на кожны выпадак маецца выпадак з асабістага жыцця. Маю жонку, якая зможа нават у добрай сітуацыі знайсці нешта дрэннае».

«Фіёна са «Шрэку», гэта прыцягнула б больш гледачоў».

«Падаецца, рэйтынгі б падняліся, каб Дыкапрыё вёў бы».

«Чабурашка, блін! Я не ведаю».

Агулам жа тэхналогія генерацыі асобаў не з бяспечных, апрача генерацыі фэйкавых навінаў пад удар трапляюць і публічныя асобы. Такі скандал ужо адбыўся з акторкаю Ґаль Ґадот, твар якой выкарысталі ў парнаграфічным роліку. Таму верыць уласнаму воку і аднаму меркаванню робіцца вельмі небяспечна.

Кірыл Смяглікаў, belsat.eu