Некалькі тысяч прыхільнікаў Міхэіла Саакашвілі сабраліся ў цэнтры Кіева. Яны абураюцца выдварэннем палітыка з краіны і тым, што ўлада не змагаецца з карупцыяй. «Мы заслугоўваем на нармальную уладу і нармальную краіну, наша ўлада захоплена алігархамі», – заяўлялі арганізатары пратэстаў з трыбуны.
Удзельнікі пратэсту кажуць:
«Пасыл просты – вайна, маса праблемаў у эканоміцы. Адзінае пытанне: ці нельга пры гэтым яшчэ і не красці?»
«Калі мы ўсе не будзем падымацца, каб сказаць слова супраць гэтай банды, у нас нічога не зменіцца».
«Я тут не за Саакашвілі, я за будучыню нашых дзяцей, а з такой уладай у іх не будзе шчаслівай будучыні».
Патрабаванні да ўладаў не толькі эканамічныя.
«Калі Парашэнка абяцаў, што дасць грамадзянства беларусам, якія ваявалі ў АТО, то сёння грамадзянства нікому не далі. І зараз у іх сітуацыя такая, што не могуць вярнуцца ў Беларусь, бо там іх арыштуюць і не могуць нармальна жыць ва Украіне», – распавядае прэс-сакратар руху салідарнасці «Разам» Алег Аўчыннікаў.
Пратэстоўцы ад помніку Кабзару упрайшліся да Міхайлаўскай плошчы, дзе правялі мітынг. Напрыканцы акцыі пратэсту Рух новых сілаў разам з палітычнымі саюзнікамі прыняў рэзалюцыю з патрабаваннем даць магчымасць пазбаўленаму грамадзянства Саакашвілі абараніць сябе ва ўкраінскім судзе.
Наста Ільіна, «Белсат»
Фота – REUTERS/Gleb Garanich