У Кіеве і Менску ўшанавалі памяць Паўла Шарамета


Машына выбухнула а 7.45 раніцы 20 ліпеня 2016 года, калі Павел Шарамет ехаў на працу. Сёння, менавіта ў гэты час, на месцы трагедыі – вуліцы Івана Франка ў Кіеве – пры ўдзеле ўкраінскіх і беларускіх грамадска-палітычных актывістаў адкрылі помнік у выглядзе пакамечанага аркуша паперы з імем журналіста, напісаным па-ўкраінску.

«Павел быў журналіст вельмі вядомы: не толькі ва Украіне, а таксама ў Беларусі ды Расеі – ва ўсім СНД, мне падаецца, на міжнародным узроўні – Павел быў імем. Але акрамя таго, што ён быў журналістам, ён быў чалавекам – чалавекам з агромістым сэрцам», – кажа экс-дэпутатка Вярхоўнай Рады Украіны Святлана Залішчук.

«Вельмі шкада, што да гэтага часу не вядома, хто яго забіў, і не да канца зразумела, як забіты. А для Беларусі – гэта адна са знакавых фігур лукашэнкаўскага часу. Нагадаю, што Павел Шарамет быў адным з першых палітвязняў», кажа лідар руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Даніну памяці Паўлу Шарамету ў гадавіну забойства аддалі таксама ў Менску, дзе пахаваны журналіст. Чацвёрты год на месцы пахавання Паўла Шарамета збіраюцца родныя, калегі і сябры, каб ушанаваць памяць журналіста і нагадаць яго творчае і жыццёвае крэда:

«Сіла не ў сіле – сіла ў праўдзе».

Паводле крымінальнай справы аб наўмысным забойстве, сярод асноўных версіяў – помста за прафесійную дзейнасць і дэстабілізацыя абстаноўкі ва Украіне. Летась у снежні Нацыянальная паліцыя назвала імёны чатырох падазраваных грамадзянаў Украіны, справу перадалі ў суд, але імёны замоўнікаў забойства па-ранейшаму невядомыя.

«Самае цяжкое ў гэтай сітуацыі – гэта тое, што сёння адбываецца ў маёй краіне. Павел змагаўся, казаў смела, і я цалкам яго падтрымліваю. І хоць сёння яго няма, я думаю, што людзі яго памятаюць і памяць пра яго жывая», – кажа маці Паўла, Людміла Шарамет.

Павел Шарамет быў заснавальнікам і вядоўцам шэрагу праграмаў на тэлебачанні Беларусі, Расеі ды Украіны, працаваў разам з выкрадзеным беларускім журналістам Змітром Завадскім. Сузаснавальнік інтэрнэт-рэсурсу «Беларускі партызан», суаўтар кнігі «Выпадковы прэзідэнт», прысвечанай кіраванню Аляксандра Лукашэнкі. Нарадзіўся ў Менску, пяць апошніх гадоў жыў і працаваў у Кіеве. Павел Шарамет – найярчэйшая асоба ў гісторыі журналістыкі і належыць дэмакратычнай супольнасці трох народаў, кажуць ягоныя калегі ды сябры.

«Журналіст трох краін: Беларусі, Расеі, Украіны, усюды сябе зарэкамендаваў на найвышэйшым узроўні, а гэта далёка не кожнаму па сілах. Павел – журналіст і чалавек, для якога вось гэты ўнутраны стрыжань – быў нязломны», – кажа калега Паўла, дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПан Дзмітрый Наважылаў.

«Тая годнасць, тая мужнасць, якую Павел выявіў на сваім шляху, – гэта самы галоўны ўрок, як не ламацца пад ударамі лёсу і як годна выконваць сваю працу і заставацца яскравым чалавекам у няпростых абставінах», дадае кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Сёння прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў забойства Паўла Шарамета ганьбаю для Украіны. І дадаў: у яго не змаглі б адабраць свабоду, таму аднялі жыццё.

Галіна Абакунчык, «Белсат»