У Казахстане – Дзень першага прэзідэнта. Іншых у краіне не было


У 1991 годзе Нурсултан Назарбаеў атрымаў 98,7 % галасоў на выбарах прэзідэнта. Іншых кандыдатаў на выбарах не было.

Сёння ў кіраўніка Казахстана – прафесійнае свята.

Лідар нацыі

З тых часоў у Казахстане адбыліся чатыры выбарчыя кампаніі ды адзін рэферэндум пра падаўжэнне паўнамоцтваў прэзідэнта Назарбаева. Дзве з кампаніяў былі датэрміновыя. Апрача таго, у 2010-м Назарбаеў афіцыйна зрабіўся лідарам нацыі, а закон пра першага прэзідэнта вызваліў яго і сямейнікаў ад крымінальнай адказнасці за любое злачынства, апрача здрады радзіме.

«Па ўсіх пытаннях, якія трэба было развязваць і ў аграрным комплексе, і ў прамысловасці, і ў сацыяльнай сферы трэба было прасоўвацца наперад. Таму гэта было неабходна. Але ўсё давялося ўзваліць на сябе. Я думаю, я ні аўтакратам, ні дыктатарам не стаў на вашых вачах», – заяўляў Нурсултан Назарбаеў.

Меркавання Назарбаева пра сябе не падзяляе ягоны галоўны палітычны апанент Мухтар Аблязаў. Ён стаяў ля вытокаў стварэння апазіцыйнага руху «Дэмакратычны выбар Казахстану» ў 2001-м. Апошнія некалькі гадоў Аблязаў – у выгнанні і, жывучы ў Францыі, атакуе Нурсултана Назарбаева праз сацыяльныя сеткі, абяцаючы сваім падпісантам хуткую змену палітычнага рэжыму ў краіне.

«Назарбаеў мусіць трапіць у турму разам са сваймі блізкімі сваякамі, якія рабавалі нашую краіну, здзяйснялі злачынствы са сваймі найбліжэйшымі змоўнікамі, якія ва ўладзе. Мы вось так іх мусім пластом зняць і ўсіх іх арыштаваць», – кажа апазіцыянер.

Пакуль жа Аблязаў у «Фэйсбуку» пагражае арыштаваць сям’ю Назарбаева, у Астане распрацоўваюць план пераходу ўлады. Мяркуюць, што найбольш шанцаў на прэзідэнцтва мае дачка Назарбаева Дарыга.

«Паводле інсайдарскай інфармацыі, сёння ў Акордзе сфармаваўся негалосны саюз у складзе старэйшай дачкі прэзідэнта, дэпутата Парламенту РК Дарыгі Назарбаевай, кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РК Эдыльбека Жаксыбекава і старшыні Камітэту нацыянальнай бяспекі РК Карыма Масімава», – падае рэсурс KazakhSTAN 2.0.

Згодна з гэтай версіяй, бліжэйшым часам Дарыга Назарбаева можа заняць пасаду кіраўніка Сенату Казахстану, стаўшыся паводле канстытуцыі другою асобай у дзяржаве. Пасля чаго 77-мігадовы Назарбаеў пакіне пасаду праз стан здароўя. Пакуль жа старэйшая дачка прэзідэнта – дэпутатка Сенату, а ў вольны ад працы час любіць парадаваць публіку сваймі вакальнымі дадзенымі.

Напярэдадні свята ў Алматы перайменавалі адную з цэнтральных вуліцаў Фурманава ў праспект Назарбаева. Акрамя гэтага, у гонар лідара раней былі названыя ўніверсітэт, лётнішча, а таксама яму пастаўленыя некалькі бюстаў і помнікаў. Усё гэта пры жыцці прэзідэнта, які адмаўляе наяўнасць свайго культу ў краіне.

Ігар Віняўскі і Юры Салодкі